На адзёр хварэюць усё часцей. Прычына ў недастатковай вакцынацыі
Адзёр
Рост захворвання на адзёр ва ўсім свеце канстатуе Сусветная арганізацыя аховы здароўя.
У 2023 годзе было зарэгістравана 10,3 мільёна выпадкаў адру, а гэта на 20% больш, чым у 2022 годзе. Прычынай СААЗ называе недастатковы ўзровень калектыўнага імунітэту.
"Вакцына супраць адру выратавала больш жыццяў, чым любая іншая вакцына за апошнія 50 гадоў, — сказаў доктар Тэдрас Адханом Гебрэесус, генеральны дырэктар СААЗ. — Каб выратаваць яшчэ больш жыццяў і не даць гэтаму смяротнаму вірусу нашкодзіць самым уразлівым, мы павінныя інвеставаць у імунізацыю кожнага чалавека, незалежна ад таго, дзе ён жыве".
І нягледзячы на гэтую тэндэнцыю, у 2023 годзе больш за 22 мільёны дзяцей прапусцілі першую дозу вакцыны. І калі першую дозу вакцыны тым не менш атрымалі 83% дзяцей ва ўсім свеце, то другую — толькі 74%.
Каб пазбегнуць успышак адру, трэба забяспечыць вакцынацыю дзвюма дозамі на ўзроўні 95% і больш у кожнай краіне.
У Беларусі ў пачатку года дактары расказвалі пра прычыны росту захворвання. Паводле іх, 74% хворых не былі прышчэплены ад адру.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.