Гурт Shuma выклаў у Сеціва новы альбом “Сонца” (слухаць)
Гурт Shuma, які спалучае народныя песні і сучасныя музычныя стылі, прэзентаваў у сеціве новы альбом "Сонца". Беларускія народныя песні на ім аранжыраваныя ў рэчышчы актуальнай клубнай музыкі – слухачоў чакае атмосферны deep house з адточаным гукам і глыбокім басам. Па словах музыкаў, праца над альбомам пачалася з напісання музыкі для дэфіле Keramin Fashion Show 2016. Саўндтрэк для паказу атрымаўся больш дынамічным і танцавальным у параўнанні з запісамі дэбютніка "Жніво" (2015) і ў выніку перарос у паўнавартасны альбом.
"У "Жніве" трэкі былі больш сінематычныя, з глыбокім драматызмам. То бок трэк паслухаў — нібыта фільм паглядзеў, — параўноўвве лідар гурта Руся. — А ў альбоме "Сонца" наша музыка ператвараецца ў больш танцавальную. Гэта сапраўды клубны deep-house, minimal, ёсць элементы трэпу. Танцаваць пад яго ідэальна. Ён увесь напісаны ў тэмпе 110, і ў трэках нават пакінутыя адмысловыя хвасты для звядзення дыджэямі”.
За гук і аранжыроўкі на альбоме адказваў мінскі саўндпрадзюсар Alexis Scorpio (Аляксей Карабейнік), які актыўна працуе са студыямі ЗША. Выдадзены дыск на беларуска-расійскім лэйбле Sunwoofer. Лічбавую версію можна набыць на iTunes і GooglePlay. Ну а канцэртная прэзентацыя альбома “Сонца” гурта Shuma адбудзецца 27 траўня ў ангары сталічнага бара "Хуліган".