"Хто колькі можа!" Як я схадзіў на першы бацькоўскі сход

Фота носіць ілюстрацыйны характар / surgpu.ru
Фота носіць ілюстрацыйны характар / surgpu.ru

Учора я схадзіў на першы бацькоўскі сход сына-шасцікласніка ў новым навучальным годзе. Школа зрабіла на мяне засмучальнае ўражанне. І вось чаму.

Сёлета клас сына ў мінскай школе ўпершыню перавялі на другую змену, таму ў першай частцы сходу абмяркоўваліся арганізацыйныя пытанні: расклад урокаў, дадатковых заняткаў, гурткоў, выкананне хатніх заданняў і г. д.

Важная тэма — запаўненне дзённікаў. Ад класнай прагучала настойлівая просьба рабіць гэта акуратным почыркам. Ужо ўключаецца "савок". У адказ на такое адна мама папрасіла дазволу (sic!) запаўняць дзённік сына самой, таму што ён зламаў руку (а хатнія заданні яна за яго таксама сама піша?). Класная дала дабро. І дадала, што калі бацькі думаюць, што яны лепш і акуратней запоўняць дзённік, то яна не супраць. Бацькі запаўняюць дзённік за дзіця ў 6-м класе, вы сур'ёзна? Галоўнае, каб акуратным почыркам?!

Наш сын — ляўшун, і так атрымалася, што летась ён зламаў левую руку, але навучыўся пісаць правай. І яму гэта было нават пацешна. Ды і дзённік патрэбен перш за ўсё вучню, каб ён запісваў туды расклад і заданні. І якая розніца, якім почыркам ён яго запоўніць? Галоўнае, каб вучыўся добра.

Наступная настойлівая просьба: не даваць дзецям фарбаваць валасы ў розныя колеры. Класная тлумачыць, што зялёныя ці чырвоныя валасы аднакласнікаў адцягваюць увагу іншых вучняў ад урокаў. У нарматыўных дакументах забарона нідзе не прапісана, аднак у школе прынята менавіта так. Цікава, ці задумваліся ў школе, што ўвага адцягваецца менавіта тым, што фарба забароненая? Калі б кожны фарбаваў валасы ў "свой" колер, ніхто б і ўвагі на гэта не звяртаў.

Бацькі спыталі, ці ёсць магчымасць забараніць у школе гаджэты. Па словах класнай, цяпер гэта зрабіць немагчыма, таму што няма каму зрабіць шафку, куды ўсе іх складвалі б. Тут успомнілі, што настаўнік працы ў хлопчыкаў — жанчына. Чамусьці гэта выклікала незадавальненне ў мужчынскай часткі бацькоў.

Самае цікавае пачалося, калі перайшлі да грашовага пытання. Па-першае, з кожнага вучня на навучальны год патрабуецца па 4 рулоны туалетнай паперы, па 3 рулоны папяровых ручнікоў і па 4 пачкі сурвэтак. Я не супраць здаць 5 рублёў за сваё дзіця, але чаму сродкамі гігіены не забяспечвае школа? Больш за тое, сын кажа, што не ведае, ці ёсць у туалетах папера і ці выдаюць у сталовай сурвэткі. Альбо ён гэтым не карыстаецца, альбо іх проста няма.

Таксама бацькі за свой кошт купляюць розныя сшыткі па прадметах. Як я зразумеў, яны ідуць у дадатак да простых сшыткаў і абавязковыя для вучобы. Зноў жа атрымліваецца, што маіх падаткаў, на якія існуе сістэма адукацыі, на сшыткі чамусьці не хапае. А адукацыя бясплатная нібыта...

Вішанька на торце — грошы на рамонт школы. Класная адразу сказала, што гэтую тэму павінен быў падняць дырэктар на агульным школьным сходзе, які прайшоў пару дзён таму. Але ў яго раптоўна намалявалася нейкая важная нарада, таму непрыемныя гутаркі даручылі праводзіць з бацькамі класным кіраўнікам. Тут мне стала трохі шкада настаўніцу. Ёй прыкметна сорамна гаварыць. Не яна гэта прыдумала, але з яе будуць патрабаваць. Таму яна просіць: калі ласка, гэта не прымус, усё добраахвотна, хто колькі зможа, ніякіх наяўных, толькі па безнаяўным разліку на рахунак... Але тут жа агаворваецца: з аднаго вучня мінімум 20 рублёў. Адзін з бацькоў гэтаму нават узрадаваўся. Кажа, у гэтай жа школе з першаклашак збіраюць па 50 рублёў. Мабыць, там бацькі яшчэ не палоханыя.

Класная кажа, што рамонт неабходны. Паглядзіце, маўляў, хоць бы на сцены ў кабінеце. Я гляджу на сцены і разумею: ды ўсё з імі ў парадку! Здалёку выглядаюць добра, зблізу відаць драпіны нейкія, але гэта ж дзеці, без такога ніяк. І для каго наогул гэты рамонт арганізуецца? Ушчамляецца пачуццё прыгожага і перфекцыянізм адміністрацыі? Майму дзіцяці і ўсім астатнім, упэўнены, пляваць на пацёртасці на сценах. Нават драўляныя вокны на шклопакеты я б не мяняў, так яны хоць "дыхаюць", а спёртае паветра ў школах — рэальная праблема. У які клас ні зайдзі падчас урока — няма чым дыхаць, адчуванне, што не праветрываецца зусім.

Асобная тэма — падпіска на "Юного спасателя" і ўзносы ў Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Бацькам прапанавалі за свой кошт аформіць падпіску на часопіс МНС для школьнай бібліятэкі. Нібыта "Юный спасатель" павышае культурны ўзровень дзяцей. Вы спытайце ў свайго дзіцяці, ці прачытала яно хоць адзін артыкул адтуль.

Пра Чырвоны Крыж я наогул маўчу. Збіраюць на яго па 93 капейкі з носа. Падыход той жа: усё "добраахвотна", як і на рамонт. Адзін тата спытаў: вам рубля шкада, ці што? Намякае, што, маўляў, вось жабракі. А я прывык свае грошы лічыць. У Беларусі ў навучальным годзе 2018/19 налічвалася крыху больш за мільён школьнікаў. Вось так, калі ўсе пакорліва здадуць, Чырвоны Крыж атрымае 1 мільён рублёў ні за што ні пра што. Прадпрыемствы дакладна гэтаксама "стрыгуць", толькі на вялікія сумы. Атрымліваецца прыстойны бюджэт. А грошай на рамонт школы няма ...

І яшчэ крыху пра папяровую нагрузку на настаўнікаў. Класная папрасіла абавязкова прыносіць заявы або тлумачальныя, калі дзіця па нейкай прычыне застаецца дома ў навучальны дзень. Аказваецца, класны кіраўнік абавязаны ў справаздачах тлумачыць кожную энку сваіх вучняў. А да тлумачэння прыкладаць паперу ад бацькоў. Гэта ж колькі часу на гэта патрабуецца? Можна было выдаткаваць гэтыя гадзіны на навучанне або на асабістае жыццё! І усе ад гэтага толькі выйгралі б — і настаўнік, і дзеці, і іх бацькі.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі

P. S. Нядаўна ў Байнэце з'явіўся сайт pobory.by. Ён патрэбны, каб ацаніць колькасць грошай, якія бацькі плацяць дадаткова за "бясплатную" беларускую адукацыю. Гэтую праблему Еўрарадыё абмеркавала з выкладчыкам-актывістам Сяргеем Альшэўскім і палітыкам Андрэем Дзмітрыевым:

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі