Існуе ўсяго два пераклады набеліата Кадзуа Ісігура на беларускую мову (чытаць)
Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў 2017 годзе стаў брытанец японскага паходжання Кадзуа Ісігура. Гэтая падзея стала нечаканасцю ў тым ліку і для беларускай літаратуры. Іначай чым патлумачыць, што набеліата перакладалі на беларускую мову ўсяго двойчы?
Адзін з перакладаў — апавяданне “Сямейная вячэра” — выйшаў у №2 часопіса “Крыніца” за 1998 год. Яго аўтар — перакладчык Валянцін Дрозд. Каб пазнаёміцца з гэтым тэкстам, трэба ісці ў бібліятэку. Другі — фрагмент сёмай главы раманаў Ісігуры “Не адпускай мяне” — выйшаў у 2012 годзе ў газеце “Літаратура і Мастацтва”. Прачытаць яго можна па гэтай спасылцы на старонцы №15.
“Гэты раман — дыстопія пра кланаванне, якое можа дайсці да таго, што мы пачнем спецыяльна вырошчваць люзей і разбіраць іх на запасныя часткі. Мяне гэта зацікавіла, таму я зрабіла пераклад. На беларускай мове ён больш не выходзіў. А на рускую мову, напэўна, ёсць пераклады”, — распавядае аўтар перакладу, прафесар лінгвістычнага ўніверсітэта Вольга Судлянкова.
Па яе словах, яна мела намер перакласці ўвесь раман, але не здолела вырашыць пытанне з аўтарскімі правамі.
Аспірантка Вольгі Судлянковай Вікторыя Мініна ў 2013 годзе абараніла дысертацыю “Раманы Кадзуа Ісігура: праблематыка і жанрава-стылёвая спецыфіка”.
“Ёсць дзве версіі дысертацыі, — працягвае Вольга Судлянкова. — Першую забракавалі нашы спецыялісты па славянскай літаратуры, як ні дзіўна. Тады яна зрабіла другую версію і абараніла яе праз некалькі год”.
Кадзуа Ісігура нарадзіўся ў 1954 годзе ў Нагасакі. Калі будучаму пісьменніку было 6 гадоў, яго сям'я пераехала ў Вялікабрытанію. Свае творы ён піша па-англійску. Літаратурную кар'еру пачаў у 1981 годзе. Яго раман "Рэшта дня" (The Remains of the Day) быў экранізаваны: у галоўных ролях зняліся Энтані Хопкінс і Эма Томпсан. Раман "Не адпускай мяне" ўключаны ў спіс 100 найлепшых англійскіх раманаў усіх часоў паводле версіі часопіса Time. У 2010 годзе па ім таксама зняты фільм — з Кірай Найтлі і Эндру Гарфілдам.