Музыканты віншуюць Ігара Варашкевіча з 55-годдзем (відэа)

Адзін з пачынальнікаў беларускага року, лідар гурта “Крама” Ігар Варашкевіч 15 жніўня адзначае сваё 55-годдзе.

Музыка кажа, што не надта давярае юбілеям, якія часта не вельмі добра заканчваецца, таму будзе сёння святкаваць разам з сябрамі ля дома пад яблынямі. А 30 жніўня – з прыхільнікамі – на вялікім канцэрце гурта “Крама” у рэстаране піваварні "Друзья".

Музыка нарадзіўся ў Баранавічах, вучыўся на мастака ў тэатральна-мастацкім інстытуце. У 80-я быў вакалістам і лідарам гурта “Бонда”. У 1989 годзе “Бонда” распалася, і Варашкевіч сышоў у “Рокіс”, які ў 1991 годзе змяніў назву на “Краму”. У 1994 годзе “Крама” атрымала першую рок-карону на “Рок-каранацыі” як гурт года.

Летась гурт адзначыў сваё 25-годдзе вялікім канцэртам і выхадам новага альбома “Белая вада”. Усяго ў дыскаграфіі гурта восем кружэлак.

Еўрарадыё далучаецца да віншаванняў калег і сяброў і жадае аднаму з генералаў айчыннага року добрага здароўя, свабоды і шмат крутых песень. Сто гадоў, Ігар Варашкевіч!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі