Кандрацьеў сыходзіць з пасады галоўнага трэнера футбольнай зборнай Беларусі

Георгій Кандрацьеў (крайні злева) са сваім штабам / t.me/abffby/
Георгій Кандрацьеў (крайні злева) са сваім штабам / t.me/abffby/

Георгій Кандрацьеў сыходзіць з пасады галоўнага трэнера нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі. Такое рашэнне 29 чэрвеня прыняло кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола.

Кандрацьеву 63 гады. Ён займаў пасаду галоўнага трэнера другі раз: спачатку ў 2011-2014 гадах, пасля — з лета 2021-га (да таго некалькі месяцаў быў выканаўцам абавязкаў). Пад яго кіраўніцтвам зборная заняла перадапошняе месца ў адборы чэмпіянату Еўропы 2020 года, была апошняй у дывізіёне "С" Лігі нацый. У адборы Еўра-2024 беларуская зборная выступае таксама няўдала, але галоўнага трэнера звольнілі пасля перамогі над Косава. Пасля ранейшых правалаў спецыяліста нязменна пакідалі кіраваць далей. Пад яго кіраўніцтвам у 22 афіцыйных і таварыскіх матчах зборная пацярпела 14 паражэнняў. У афіцыйных сустрэчах была здабытая толькі адна перамога. Цярпенне ў футбольных функцыянераў скончылася?

Георгій Кандрацьеў — вядомы беларускі футбаліст савецкіх часоў, быў у залатым складзе мінскага "Дынама", які ў 1982-м стаў чэмпіёнам СССР. Паспяхова гуляў за зборную Савецкага Саюза. Трэнерскую кар'еру ён пачаў у канцы 1990-х.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі