Кіраўніка аўдытарскай кампаніі Ernst&Young арыштавалі "за палітыку"

Павел Лашчанка / b1.by
Кіраўнік аўдытарскай кампаніі Ernst&Young Павел Лашчанка быў арыштаваны два месяцы таму паводле "палітычнага" артыкула. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА, высветліла "Наша Ніва".
EY (Ernst&Young) — аўдытарская кампанія з "вялікай чацвёркі". Без яе ацэнкі ў Беларусі не магла прайсці ніводная сур'ёзная ўгода па пакупцы або зліцці бізнесу. Шмат гадоў кіраўнічым партнёрам кампаніі ў Беларусі быў Павел Лашчанка. Пасля 2022 года кампанія перайменавалася і стала называцца B1.
На мінулым тыдні супрацоўнікі і партнёры кампаніі атрымалі ад B1 ліст, у якім гаварылася, што Лашчанка больш не будзе кіраваць кампаніяй: "Павел Лашчанка ў сілу асабістых абставін больш не можа працягваць работу на гэтай пасадзе. Унёсак Паўла ў развіццё нашай кампаніі неацэнны: ён стаяў ля самых вытокаў і сфармаваў цудоўную каманду прафесіяналаў, якія дасягнулі неймаверных поспехаў". Ніякага ўласнага звароту аўдытара пры гэтым не было.
Крыніцы "Нашай Нівы" кажуць, што Лашчанку прыгадалі 2020 год. Калі міліцыянты білі пратэстоўцаў, ён напісаў зварот да кіраўнікоў сілавых і дзяржаўных органаў. Бізнесовец выказаў сумнеў у лічбах, агучаных Ярмошынай, а таксама заклікаў усіх адумацца і вярнуцца да законнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.