Корбан: Мінскія ўлады лічаць усталяванне помніка Каліноўскаму несвоечасовым
Грамадскія актывісты атрымалі адказ з Мінгарвыканкама на іх прапанову ўсталяваць у сталіцы помнік кіраўніку вызваленчага паўстання.
Вось што распавёў Еўрарадыё лідар аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі "Альтэрнатыва" Алег Корбан:
"Гарадскія ўлады лічаць усталяванне помніка Каліноўскаму несвоечасовым і лішнім. І прыводзяць прыклад, што нядаўна на адзін з дамоў па вуліцы Каліноўскага была вернутая памятная дошка з бюстам Каліноўскага... У іх ёсць план на бліжэйшыя гады, згодна з якім помнік Каліноўскаму будзе прадугледжвацца, але не раней, чым у 2018 годзе. Зноў жа там няма ніякай канкрэтыкі".
Корбан лічыць такі адказ звычайнай адпіскай ды нагадвае, што за ўсталяванне ў Мінску помніка Кастусю Каліноўскаму было сабрана 4 тысячы подпісаў. Таму грамадскія актывісты не збіраюцца апускаць рукі ды падумаюць пра арганізацыю акцый пратэсту.
Нагадаем, на мінулым тыдні ў сталіцы з'явіліся плакаты "Мінску — помнік Кастусю Каліноўскаму!".
Тэатр драматургіі прыбраў з рэпертуара спектакль пра Каліноўскага (фота)
Фота — Альтэрнатыва