“Крама” прэзентавала кліп на загалоўную песню альбома “Белая вада”

“Крама” прэзентавала кліп на загалоўную песню альбома “Белая вада”

Гурт “Крама” прэзентаваў кліп на загалоўную песню альбома “Белая вада”. Над відэа працавала Стэфанія Ціхінская, якой і належыць яго ідэя.

“Першапачатковая ідэя была ўзяць канцэртны варыянт відэа і дапрацаваць яго сюжэтам, — распавядае гітарыст гурта Сяргей Трухановіч. — Але ў сюжэтнай частцы мы ўдзелу не бралі, там здымаліся акцёры. А канцэртнае відэа ўзялі з мінулагодняга выступу ў Re:Public, які здымалі прафесійна шасцю камерамі. Гук у кліпе таксама канцэртны. Нам хацелася такі кліп мець, з жывым гукам, мне падаецца, гэта яго плюс”.

Гэты кліп стаў другім знятым на песню з альбома “Крамы” “Белая вада”. Раней было прэзентаванае відэа на песню “Дзяўчынка, якое самі музыкі называлі першым прафесійным кліпам за ўсе гады існавання.

“Гэта проста збег абставінаў, не больш, таму не вядома, ці будуць яшчэ кліпы ў бліжэйшы час,” — тлумачыць нечаканую відэаактыўнасць Сяргей.

Сёлета гурту “Крама” спаўняецца 25 гадоў. З гэтай нагоды восенню плануецца вялікі сольны канцэрт у PrimeHall. Паралельна музыкі працуюць над новымі песнямі, але пра запіс чарговага альбома пакуль гаворкі не вядзецца.

Бліжэйшы ж выступ гурта пройдзе ў мінскім рэстаране “Друзья” 28 лютага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі