Дэпутат: Не разумею, чаму Міхалок можа праехаць па ўсёй Беларусі, а Вольскі — не
Спрэчкі і эмоцыі вакол Еўрабачання і выступу на ім нашых Naviband засведчылі адно: музыку беларусы ў пераважнай большасці любяць. Розную. А якія музычныя ўпадабанні ў, да прыкладу, айчынных дэпутатаў парламента?
Ігар Марзалюк аказваецца шчырым прыхільнікам хард-року. Больш за тое, кажа, што яшчэ колькі гадоў таму (відаць, да таго як стаў спачатку сенатарам, а потым і дэпутатам) у абавязковым парадку штогод наведваў фестываль “Музыкі маладой Беларусі “Басовішча”.
“Я выхаваны на нармальнай рок-музыцы: я вельмі люблю і “Бітлоў”, і “Пінк Флойд”, і “Ролінгаў”. Хард-рок — гэта тое, без чаго я сябе не ўяўляю на самай справе! І Metallica слухаю — у тым ліку ў кабінеце. Мне вельмі падабаецца не проста N.R.M., а “Мроя”. Вось тая, якую крытыкавалі шмат за што. Я люблю “Уліс”. “Крама” — выдатны гурт, які стварыў выдатныя класічныя рэчы. Я люблю добрую музыку, і беларускую, і рускую. Класіка і рок-н-рол — гэта дзве рэчы, без якіх я сябе не ўяўляю. Люблю Вагнера, яго “Палёт Валькірыі”, і куды тут падзенешся! Гэта ўсё тое, што разам са мной, што назаўсёды”.
Але ж чаму ў такім выпадку Лявон Вольскі, творчасць якога любіць і паважае цэлы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, не можа ўжо шмат гадоў зладзіць канцэртаў на радзіме?
Ігар Марзалюк: “Думаю, што гэта не зусім мудра. Слухайце, калі Міхалок можа праехаць па ўсёй Беларусі, а Вольскі не можа!.. А чым Вольскі правініўся больш за Міхалка? Па-мойму, Міхалок, калі зыходзіць з такіх крытэраў, правініўся болей. Мяне здзіўляе! Я думаю, што тут неабачлівасць і неразумнасць кагосьці з чыноўнікаў. Прычым не найвышэйшага гатунку”.
Дэпутат-алімпіец Вадзім Дзевятоўскі па сакрэце кажа, што музыка для яго заўжды была адзіным сродкам, які дапамагаў яму аднавіцца пасля цяжкіх трэніровак. І пералічвае гурты, якія слухаў “для аднаўлення”: W.A.S.P, Accept, Cinderella, Judas Priest, Iron Maiden, Deep Purple, Def Leppard і гэтак далей. А ў юнацтве, прызнаецца, марыў навучыцца іграць на бубнах ці бас-гітары і стаць удзельнікам рок-гурта, але не склалася, і сваю любоў да рок-музыкі Дзевятоўскі выказвае праз наведванне рок-канцэртаў. Адсюль — веданне айчынных рокераў.
Вадзім Дзевятоўскі: “Nizkiz, Akute, Nuteki мне падаюцца вельмі годнымі. Да майго сораму, я не ўсе маладыя гурты запомніў, якія праз нашу наваполацкую пляцоўку прайшлі, але скажу шчыра: гэта вельмі моцны ўзровень. Проста няма ў нас яшчэ шоў-бізнесу, каб іх у хуткім тэмпе паказаць, раскруціць, падкруціць. І гэта я не кажу пра нашых генералаў року! Я да гэтага часу памятаю: “Я рок-музыкант старых традыцый. Гэта не прызванне — гэта пазіцыя!” — спявалі на нашым фестывалі “Рок-кола”. Памятаю выступы “Крамы”. Я рос менавіта на гэтай музыцы. Гэта быў пачатак 90-х гадоў, і нашы пляцоўкі ў Полацку-Наваполацку дзякуючы Сяргею Анішчанку былі вельмі раскручанымі. Мы лічыліся ледзь не сталіцай року!”
Але на пытанне пра стаўленне да так званых “чорных спісаў” і забароны на канцэрты выказваецца асцярожна. Маўляў, без палітыкі тут не абышлося, але будзем спадзявацца, што гэта ўсё скончылася, што магчымасць выказваць сваё меркаванне мае кожны, але галоўнае, “каб не было заклікаў на Плошчу, яшчэ некуды — гэта можна рабіць цывілізавана”.
Ганна Канапацкая прызнаецца, што не музычны гурман.
“Я слухаю ўсё. Мне падабаюцца і J:Морс, і Крама, і ўсе астатнія падобныя гурты, але нават магу і нейкі там джаз паслухаць. Карацей, тут усё пад настрой. Гэта можа быць і “АукцЫон”, і нават “Лабутэны”. Ну і, зразумела, люблю такую класіку, як Depeche Mode, a-ha, а часам і AC/DC у машыне паставіць, каб усё там узарвалася і падскочыла”, — кажа Ганна Канапацкая.
Ганна любіць хадзіць на канцэрты. Наведвае таксама ўсё: была і на выступе Тота Кутунья, і на “АукцЫон” хадзіла, і на Scorpions. У працоўным кабінеце музыку не ўключае — калі толькі аўдыёкнігі на нямецкай мове.
У Валерыя Барадзені старэйшая дачка іграе на фартэпіяна, а малодшая — на скрыпцы. І таму, кажа, ён “з зайздроснай рэгулярнасцю наведвае канцэрты класічнай музыкі”. Любіць бардаўскую песню і некалькі разоў наведваў вялікія бардаўскія фестывалю ў Расіі, любіць глядзець праграму “Подых струн” на беларускім тэлебачанні. Сам ніводным інструментам не валодае, але спяваў у хоры прафесараў і дацэнтаў Наргаса. І нечакана прызнаецца:
“Мне, да прыкладу, заўжды падабаўся Міхалок з яго песнямі. BRUTTO я яшчэ не чуў — іх апошні альбом, але, відаць, усё ж больш даспадобы вясёлыя песні больш ранняга Міхалка”, — кажа Валерый Барадзеня.
Далей — больш: і “бунтарская музыка” дэпутату добра вядомая.
Валерый Барадзеня: “Мне Rammstein падабаецца. Мой сын старэйшы цяпер слухае розную такую бунтарскую музыку, і я яе ведаю. Там і Sepultura, і Metallica, і іншыя. Каб ведаць, што гэта такое, я шмат слухаў усяго”.
Алена Анісім, па яе словах, любіць беларускую эстраду і беларускі рок “часам паслухаць, бо ён напаўняе жыватворнай энергіяй”.
Алена Анісім: "Мне вельмі падабаецца “Зніч” — яго я слухаю, люблю ставіць дыск Змітра Сідаровіча і гурта “Камэлот”. Такінданга час ад часу слухаю. А яшчэ ў мяне ёсць дыск “Белы сон” спевака Алена. Часам слухаю “Крамбамбулю”, песня “Абсэнт” мне асабліва падабаецца”.
Кажа, калі атрымаецца, то абавязкова наведае канцэрт “Крамбамбулі” ў Мінску 31 траўня.
Былы амбасадар Беларусі ў Аўстрыі, дэпутат Валерый Варанецкі разважліва адзначае, што ў розныя гады жыцця чалавек любіць розную музыку. Кажа, што цяпер яму падабаюцца “душэўныя песні нашай і савецкай эстрады”.
Варанецкі: “Мне падабаецца зараз “Океан Ельзи” слухаць — душэўныя ў іх песні. Канечне ж, слухаў я і Міхалка, і іншых нашых выканаўцаў, але некага выдзяляць не стаў бы”.
І, крыху падумаўшы, дадае: “Безумоўна, важна для моладзі слухаць такія песні, якія ўзнімаюць нацыянальны дух”.