Кулінковіч на БТ заклікаў адмяніць “гастролькі” для беларускіх музыкаў

Кулінковіч на БТ заклікаў адмяніць “гастролькі” для беларускіх музыкаў

Лідар гурта Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч у эфіры дзяржаўнага тэлеканала "Беларусь 1" заклікаў улады адмяніць для беларускіх музыкантаў абавязак атрымліваць дазволы на канцэрты. Гэта адбылося падчас ток-шоу "Форум", прысвечанага беларускаму шоу-бізнесу і ўдзелу нашай краіны ў "Еўрабачанні".

На пытанне, як і чым можна дапамагчы беларускім музыкам, каб іх любілі на радзіме, Кулінковіч адзначыў, што неабходна адмяніць ганебныя “гастролькі”.

"Я лічу, што адзіная льгота для беларускіх музыкаў, і для рок-музыкаў у тым ліку — гэта адмена ганебных гастрольных пасведчанняў, гэтай практыкі. То бок, беларускі музыка не мусіць атрымліваць гастрольнае пасведчанне: расійскі, украінскі, які заўгодна, але не беларускі. Для таго, каб мне правесці канцэрт у маленькім клубе, я павінен атрымліваць гастрольнае пасведчанне, я павінен прыніжацца. І яшчэ не факт, што мне яго дадуць. Могуць не даць па розных прычынах — колер вачэй не спадабаецца, ды ўсё што заўгодна! І рашэнне прымаюць нейкія вялікія дзядзькі. Для таго, каб мне правесці канцэрт, засядае нейкая камісія! Гэта проста ганьба, лухта і жудасць!"

Вядучы шоу Дзмітрый Бачкоў акцэнтаваў увагу на словах Кулінковіча, адзначыўшы, што гэта вельмі важны момант і нарэшце за ўсю праграму прысутныя пачулі тое, з чым можна насамрэч можна працаваць.


“Я шчыра спадзяюся, што тыя, ад каго гэта залежыць, мне здаецца, гэта Упраўленне культуры, яны такія праграмы павінны глядзець. Спадарства, задумайцеся над гэтым, гэта сапраўды вельмі сур’ёзная тэма, сур’ёзнае пытанне. Гэта насамрэч абражае нашых артыстаў і ставіць іх у няроўныя ўмовы”, — рэзюмаваў Бачкоў.


“Гэта залежыць ад Адміністрацыі прэзідэнта”, — дадаў Кулінковіч.


Гасцямі студыі, апроч лідара Neuro Dubel і Naviband, сталі зоркі беларускай эстрады Тэа і Вольга Плотнікава, тэлевядучыя Вольга Рыжыкава і Яўген Перлін, дырэктар гурта J:морс Руслан Старыкоўскі, піяршчык Сяргей Андрыянаў, кампазітар Генадзь Маркевіч, прадзюсар гурта Napoli Аляксандр Слуцкі і іншыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі