Лідары ЗША і Кубы абмяняліся “гістарычным” поціскам рукі (фота)

Прэзідэнт ЗША Барак Абама і кіраўнік Кубы Рауль Кастра паціснулі адзін аднаму рукі, а таксама прыязна паразмаўлялі перад пачаткам “Саміту Амерык” у Панаме. Дагэтуль яны рукаліся ў снежні 2013 года на пахаванні Нэльсана Мандэлы, але тады не размаўлялі.

Сёння лідары дзвюх краін маюць правесці паўнавартасныя міждзяржаўныя перамовы — упершыню за 56 год пасля кубінскай рэвалюцыі, перадае ВВС.

Апошнім разам кіраўніцтва ЗША і Кубы кантактавала ў 1959 годзе, калі Фідэль Кастра сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Штатаў Рычардам Ніксанам. Праз два гады пасля гэтай сустрэчы дыпламатычныя стасункі паміж дзвюма краінамі былі замарожаныя.

У кароткай размове з Кастра-малодшым Абама выказаў упэўненасць, што жыццё кубінцаў неўзабаве палепшыцца. “Не таму, што гэта навяжам мы, Злучаныя Штаты, а сілай таленту і натхнення кубінцаў і свабоднай дыскусіі паміж імі, у часе якой будзе абраны найлепшы шлях да росквіту”, — заявіў Абама.

10 красавіка Дзярждэпартамент ЗША рэкамендаваў выключыць Кубу са спісу дзяржаваў-спонсараў тэрарызму, што павінна зняць апошнюю фармальную перашкоду да ўсталявання дыпламатычных стасункаў.

Фота: REUTERS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі