Лукашэнка — пра ХК "Дынама-Мінск": "Кілбасіць" гэтую каманду з пачатку сезону
24 верасня Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра ўнутраных спраў, старшыню назіральнай рады хакейнага клуба "Дынама-Мінск" Ігара Шуневіча. Гаворка ішла пра крымінагенную сітуацыю ў дзяржаве і пра становішча ў мінскім "Дынама".
Як перадае БЕЛТА, кіраўнік дзяржавы найперш пацікавіўся крымінагеннай сітуацыяй у краіне. Асобна ён спытаўся пра побытавыя злачынствы і пра вынікі барацьбы з эканамічнымі злачынствамі, у тым ліку з карупцыяй.
Закранулі падчас сустрэчы і міграцыйную сферу. "Штосьці трэба нам у заканадаўстве папраўляць, як лічыць Міністэрства ўнутраных спраў. Калі так — калі ласка, абмяркуем", — прапанаваў Лукашэнка.
Асобна ён пацікавіўся ў Шуневіча сітуацыяй у хакейным клубе "Дынама-Мінск". "Неяк "кілбасіць" гэтую каманду з пачатку года і ў перадсезонку. Добра згулялі дзве гульні на выездзе, асабліва з "Лакаматывам". Проста гераічна. З "Северсталлю" — 4:1. І нейкая несамавітая гульня з маскоўскім "Дынама", — пералічыў Лукашэнка. Ён пацікавіўся, як клуб думае жыць і працаваць далей. Нагадаем, што цяпер клуб займае апошняе месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ.
У сваім дакладзе міністр унутраных спраў паведаміў, што МУС кантралюе сітуацыю ў краіне. Па яго словах, колькасць асоб, якія пацярпелі ад злачынстваў, знізілася на 3%, а загінулых — амаль на 4%.