Анджэй Дуда адмовіўся фатаграфавацца з Лукашэнкам на кліматычным саміце ў Баку
Сумесны здымак кіраўнікоў дзяржаў на канферэнцыі ў Баку
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адмовіўся ад супольнага фота кіраўнікоў дзяржаў на кліматычным саміце ў Баку.
Прычына адмовы — прысутнасць Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе польскі тэлеканал Polsat.
"Гэта было свядомае рашэнне прэзідэнта. Сямейнае фота — гэта сямейнае фота, прэзідэнт вырашыў, што не хоча мець сямейнае фота з Аляксандрам Лукашэнкам. Такія жэсты важныя ў палітыцы, і гэта было наўмыснае дзеянне прэзідэнта", — прыводзіць канал словы чалавека з атачэння польскага прэзідэнта.
На папярэднім саміце ў Дубаі фатаграфавацца з Лукашэнкам адмовіліся прэзідэнты Літвы, Латвіі і Польшчы.
Кліматычны саміт у Баку пачаўся 11 лістапада і працягнецца да 24 лістапада. Падчас яго абмяркоўваюць прагрэс у барацьбе са зменамі клімату.
Шэраг кіраўнікоў дзяржаў устрымаліся ад паездкі на саміт. Сярод іх прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Германіі Олаф Шольц, старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, старшыня КНР Сі Цзіньпін, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ды іншыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.