Гольф-перамовы, публічныя прабачэнні і новы рэкорд свету — #ІхНоравы

Навіны свету

Навіны свету / @rubanau_collage

Гэта штодзённая рубрыка "Іх норавы" на Еўрарадыё. Сёння мы раскажам пра журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі даўжэй за ўсіх сваіх калег, за што ўрад Новай Зеландыі папрасіў прабачэння ў больш чым 200 тысяч грамадзян, а таксама пра тое, чаму прэзідэнт Паўднёвай Карэі пачаў займацца гольфам.

Урад Новай Зеландыі выбачыўся перад грамадзянамі за здзекі ў дзяржустановах

Прэм'ер-міністр Новай Зеландыі Крыстафер Лаксан афіцыйна папрасіў прабачэння ў больш як 200 тысяч дзяцей і дарослых, якія сталі ахвярамі гвалту і пагарды ў дзяржаўных і рэлігійных установах.

Гольф-перамовы, публічныя прабачэнні і новы рэкорд свету — #ІхНоравы
Крыстафер Лаксан/HANDOUT/AFP

У ліпені быў апублікаваны даклад, у якім гаварылася аб маштабах жорсткага абыходжання ва ўстановах па догляду за дзецьмі, пачынаючы з 50-х гадоў. Суддзя Корал Шоу, якая ўзначальвала расследаванне, назвала гэта "нацыянальнай ганьбай і сорамам".

Лаксан папрасіў прабачэння ў парламенце перад пацярпелымі, многія з якіх плакалі, пакуль прэм'ер-міністр казаў: “Сёння я стаю перад вамі як прадстаўнік не толькі гэтага ўрада, але і ўсіх урадаў, якія былі да нас, каб прынесці афіцыйныя і безумоўныя прабачэнні за жорсткае абыходжанне, якому вы падвергнуліся, знаходзячыся ў дзяржаўных установах, цэрквах і іншых месцах веравызнання. Гэта было жахліва. Гэта было непрымальна. Гэта было няправільна. І гэтага ніколі не павінна было здарыцца”.

Лаксан папрасіў прабачэння ў пацярпелых за тое, што ім не паверылі, за персанал, які заплюшчваў на гэта вочы, і за тое, што дзяржава дрэнна сачыла за людзьмі, якія знаходзіліся пад апекай.

Праз гольф да перамоваў

У мінулую суботу паўднёвакарэйскі прэзідэнт Юн Сук Ёль упершыню з 2016 года наведаў поле для гольфа. Аказалася, што такім чынам палітык рыхтуецца да сустрэчы з абраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Аналітыкі лічаць, што Юн можа спрабаваць выкарыстаць асабістае сяброўства з Трампам для прасоўвання інтарэсаў Сеула, калі план Трампа па знешняй палітыцы “Амерыка перш за ўсё” і яго непрадказальны стыль рэалізуюцца падчас новай прэзідэнтуры. 

Паўднёвакарэйскія кампаніі ў значнай ступені залежаць ад гандлю з ЗША, і падчас першага тэрміну Трампа краіны сутыкнуліся з праблемамі праз падзел выдаткаў на 28 500 амерыканскіх вайскоўцаў, размешчаных у Паўднёвай Карэі. 

Чыноўнікі ў Сеуле працавалі над падрыхтоўкай да значных эканамічных змен, у той час як Юн заклікаў у нядзелю правесці перамовы ўрада і прамысловасці ў рамках падрыхтоўкі да вяртання Трампа.

Нямецкія экстрэмалы прайшлі па канаце і ўстанавілі рэкорд

Слэклайнеры Фрыдзі Кюнэ і Лукас Ірмлер прайшлі па канаце, нацягнутым паміж паветранымі шарамі, на вышыні 2500 метраў і ўстанавілі новы сусветны рэкорд. Відэа з выкананнем трука завірусілася ў сацсетках.

“Гэтае дзіўнае пачуццё, што мы нарэшце пабілі сусветны рэкорд. Мы так доўга гэтага чакалі і нарэшце здзейснілі. Насамрэч гэта крыху сюррэалістычна”, ― адзначылі спартоўцы.

Папярэдні рэкорд паставілі ў Бразіліі ў 2021 годзе. Тады трук выканалі на вышыні 1900 метраў.

Журналіст, які даўжэй за ўсіх калег утрымліваецца пад вартай, атрымаў прэмію

19 лістапада ў Стакгольме адбудзецца ўручэнне прэміі імя Харальда Эдэльштама, якая прысуджаецца за выключную мужнасць у абароне правоў чалавека. Яе лаўрэатам сёлета стаў журналіст Давіт Ісаак, якога ўжо 23 гады ўтрымліваюць у эрытрэйскай турме без суда.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі