Стала вядома, хто можа сыграць ролю Дамблдора ў серыяле пра Гары Потэра
Марк Райлэнс
Актор Марк Райлэнс з'яўляецца самым імаверным кандыдатам на ролю дырэктара школы магіі Дамблдора. Гаворка ідзе аб экранізацыі кніг пра Гары Потэра стрымінгавым сэрвісам HBO, які плануе ператварыць гэтую гісторыю ў серыял. Пра кандыдатуру Райлэнса піша Variety са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Райлэнс гуляе ролю Томаса Кромвеля ў гістарычнай драме BBC "Воўчая зала". Ён жа сыграў савецкага шпіёна ў аскараносным фільме "Шпіёнскі мост". А яшчэ вы можаце ведаць яго па ролі вялікага і добрага волата ў аднайменным фэнтэзійным фільме. Warner Bros. Television пакуль не ўступала ў перамовы з акторам, але звязалася з ім, каб ацаніць цікавасць з ягонага боку.
"Мы разумеем, што такі гучны серыял выкліча шмат чутак і здагадак. Мы будзем пацвярджаць дэталі толькі пасля заключэння ўгоды", — сказалі ў HBO.
Ролі Гары, Герміёны і Рона ў серыяле, хутчэй за ўсё, выканаюць малавядомыя акторы, таму што Warner Bros. абвясціў адкрыты кастынг для дзяцей ва ўзросце ад 9 да 11. А вось на ролі дарослых персанажаў, хутчэй за ўсё, паспрабуюць узяць вядомых брытанскіх актораў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.