Колькі плацяць кінаакторам у Беларусі і за мяжой? Распыталі аб ганарарах

Акторы шукаюць магчымасці за мяжой

Акторы шукаюць магчымасці за мяжой / @rubanau_collage

Праз хвалю эміграцыі апошнім часам усё часцей можна ўбачыць беларускіх актораў у еўрапейскіх і расійскіх серыялах і кінапраектах.

Еўрарадыё даведалася, на якіх умовах яны працуюць і колькі зарабляюць.

 

“На “Працэсах” таксама плацілі няшмат”

Актор Алег Гарбуз вядомы пераважна як чалец трупы Купалаўскага тэатра, якая звольнілася ў жніўні 2020 года на знак пратэсту. Сам жа артыст актыўна здымаўся ў беларускіх і расійскіх праектах і працягнуў сваю творчую дзейнасць у эміграцыі.

Гарбуз зняўся ў драме Агнешкі Холанд “Зялёная мяжа”, прысвечанай мігранцкаму крызісу на польска-беларускай мяжы. У драме Мары Тамковіч “Пад шэрым небам”. У серыяле тэлеканала “Белсат” “Працэсы”. У ютуб-фільме “Лес” пра рэпрэсіі 1930-х гадоў у Беларусі. У фантастычным праекце “Дзяўчына астранаўта” стрымінгу Netflix і ў шпіёнскім трылеры “Перашыек” HBO Max. Без справы Алег не сядзіць.

Колькі плацяць кінаакторам у Беларусі і за мяжой? Распыталі аб ганарарах
Алег Гарбуз / фота з прыватнай старонкі актора ў Facebook @oleggarbus

Актор кажа, што да падзей 2020 года зарабляў за працоўную змену на кінапраекце некалькі сотняў долараў у пераліку.

“Плацілі не так, як акторам з маскоўскай або піцерскай прапіскай, але таксама няблага. Напрыклад, у 2007 годзе беларускі актор атрымліваў 300 долараў за змену, у той час як запрошаны расійскі мог зарабіць ад 3 да 5 тысяч.

Калі казаць пра сённяшнія часы, то на праектах Дзмітрыя Астрахана [расійскі рэжысёр, які з пачатку 90-х перыядычна здымае фільмы на “Беларусьфільме” — Еўрарадыё] размова ішла аб ганарары ад 80, а перыядычна ад 60 долараў, бо гэта ж Астрахан. А з астатнімі — меней чым ад 300 долараў не было размовы”, — прыгадвае суразмоўца.

Што тычыцца працы ў Польшчы, тут не мае значэння, эмігрант ты ці не. Калі ты патрэбны праекту — табе заплацяць столькі, колькі трэба.

“Працоўная стаўка на камерцыйнае кіно тут пачынаецца ад 3 тысяч злотых [691 еўра паводле курсу польскіх банкаў — Еўрарадыё] і вышэй. Гэта тычыцца і пра супрацу з Netflix і Max. На аўтарскім кіно яна меньшая. Залежыць, якія бюджэты ў аўтараў. На пляцоўцы "Пад шэрым небам" прапаноўвалі ганарар у 600 злотых, але я вырашыў для сябе, што здымуся задарма. На “Працэсах” таксама плацілі няшмат. Яны праходзілі ў разрадзе тэлевізійнай прадукцыі, а за яе плацяць меней, чым за кіно. Але было больш, чым на “Пад шэрым небам".

Агулам, здымачных дзён бывае не так шмат, пару на месяц, а то і на год, таму вялікімі ганарарамі гэта не назавеш”.

Колькі плацяць кінаакторам у Беларусі і за мяжой? Распыталі аб ганарарах
Кадр з фільма "Пад шэрым небам" / Loco Films

На праекце “Зялёная мяжа” таксама былі невялікія стаўкі. Для выканаўцаў галоўных роляў яны былі вышэйшыя, напэўна, але ў нашым выпадку было няшмат. Там маю ролю мог выканаць амаль любы беларускі актор”.

Добра плацяць, калі актора абіраюць на пэўную ролю і без яго працы праект ужо не складзецца. 

“Там ужо пачынаюцца лічбы, якія плацяць цяпер маскоўскім акторам сярэдняга ўзроўню, не зоркам. Бо расіяне могуць атрымліваць такія ганарары, якія нават польскія акторы ніколі не бачылі.

Я размаўляў з мясцовымі артыстамі. Ім сапраўды могуць плаціць трохі вышэй у пэўных сітуацыях, але разбежка не такая вялікая, як паміж беларускімі і расійскімі акторамі, асабліва падчас вуглевадародных прыбыткаў у нулявыя гады.

Колькі плацяць кінаакторам у Беларусі і за мяжой? Распыталі аб ганарарах
Алег Гарбуз у серыяле "Перашыек" / Warner Bros. Discovery

Што тычыцца ўмоў працы, то яны моцна не адрозніваюцца паміж Беларуссю, Расіяй і Польшчай.

“Дзе група прафесійная і дысцыплінаваная, там і працуецца добра. Я і тут, у Польшчы, аднойчы трапіў у жахлівыя ўмовы, што нават у Беларусі не прыгадваю такога: адносіны, абставіны, якасць арганізацыі працэсаў. Калі рэжысёр не можа арганізаваць каманду, тады на здымачнай пляцоўцы будзе адбывацца абы-што”.

 

“Гэта быў найлепшы праект за мае 20 гадоў у кіно”

Наступны суразмоўца — прадстаўнік маладзейшага за Алега Гарбуза пакалення актораў, які пагадзіўся паразмаўляць на ўмовах ананімнасці. 

Актор пачаў актыўна здымацца ў канцы нулявых і паспеў трапіць у дзясяткі беларускіх, расійскіх і украінскіх тэле- і кінапраектаў. Яго можна заўважыць на другім плане ў пакладзеным на паліцу праекце “Купала” Уладзіміра Янкоўскага, а таксама ў фантастычным французскім серыяле, які намінаваўся на амерыканскую тэлепрэмію Emmy.

Актор таксама падтрымаў пратэст у 2020 годзе, а пасля яго задушэння з’ехаў у ЗША, атрымаўшы грын-карту.

Паводле артыста, беларускім акторам плацілі дрэнна.

Колькі плацяць кінаакторам у Беларусі і за мяжой? Распыталі аб ганарарах
Кадр з фільма "Купала" / РУП "Беларусьфільм"

“У асноўным сярэдні кошт беларускага актора ў прапагандысцкіх расійскіх серыялах — дзесьці 150-350 долараў за змену. У расійскіх рублях, з вялікімі затрымкамі аплаты. І не ў чыстую, а менавіта “чорным налам”. Усе пра гэтыя схемы ведаюць, але нічога не робяць, каб працаваць празрыста”, — расказвае актор, дадаткова скардзячыся, што за перапрацоўкі не даплачваюць. 

“Многія знакамітыя беларускія акторы пагаджаюцца на любыя грошы. Сорам і ганьба тым жывёлінам, якія засталіся ў Беларусі. Ну, як жывёлінам? Нехта ахвяра, а нехта проста непрыемны чалавек, тыпу Руслана [Чарнецкага] [які падтрымаў рэжым Лукашэнкі, за што атрымаў званне “Заслужанага актора Рэспублікі Беларусь” і стаў дэпутатам парламента — Еўрарадыё]”.

На фільме “Купала”, згадвае суразмоўца, акторам плацілі няшмат.

“Больш за ўсіх грошай атрымаў у другаснай ролі Уладзімір Янкоўскі, ён жа рэжысёр праекта. Ён перапісваў сцэнар у ходзе здымак, дапісаў сабе шмат здымачных дзён. Стаўка ў яго была каля 500 долараў. Ніхто на здымачнай пляцоўцы столькі не зарабляў, акрамя яго. <...> Я за змену там атрымліваў 300 долараў”. 

На французскі праект актор трапіў праз кастынг і здымаўся ў ім яшчэ да эміграцыі, у 2020 годзе. 

“Гэта быў найлепшы праект за мае 20 гадоў у кіно. <...> Ганарар за яго быў вельмі добры, заплацілі за 12 працоўных змен. Не магу назваць яго памер праз кантрактныя ўмовы, скажу толькі, што гэтых грошай мне хапіла, каб добра жыць у Беларусі цягам года, дадаткова не працуючы”.

У ЗША наш суразмоўца пакуль не здымаецца, “падвыгарэў”. Ён займаецца бізнесам і, як кажа сам, “становіцца на ногі”.

“У мяне ёсць шэраг знаёмых, якія зарабляюць акторствам. Стаўкі ў іх невялікія. Калі здымацца кожны дзень — гэта добры амерыканскі заробак, вышэйшы за сярэдні. Нават калі будзеш граць у масоўцы. Колькі прапануюць? Як дамовішся. Можна за змену атрымаць і 100 долараў, і 800, у залежнасці ад таго, колькі грошай ёсць у стваральнікаў. Тут розныя катэгорыі кантэнту: камерцыйны, аўтарскі. Стаўкі ў два разы вышэйшыя, чым у Беларусі, бо падаткі, аўтарскія правы, выкананне законаў і г. д.”.


“Былі выключэнні, як Павел Харланчук і Ігар Сігоў”

Удзельнік дуэта ў сатырычным ютуб-праекце “ЧынЧынЧэнел”, заблюраны барабаншчык “Песняроў” з серыяла “За паўгадзіны да вясны”, выканаўца роляў у цэнзураваных фільмах “Купала” і “Авантуры Пранціша Вырвіча”. Усё гэта — пра актора Дзмітрыя Есяневіча, таксама былога ўдзельніка легендарнай трупы Купалаўскага тэатра.

Колькі плацяць кінаакторам у Беларусі і за мяжой? Распыталі аб ганарарах
Дзмітрый Есяневіч / bysol.org

Актор да мінулага лета жыў у Беларусі і толькі ездзіў на працу за мяжу, пакуль пасля адміністратыўнага арышту яго разам з сям’ёй не эвакуяваў у Польшчу фонд BYSOL.

Артыст расказвае, што да 2020 года акторскі ганарар за працоўны дзень на здымках не перавышаў 200-300 долараў.

“Былі выключэнні, як Павел Харланчук і Ігар Сігоў. Ім маглі плаціць болей 500 еўра за дзень. Але звычайна акторы, якім важны быў заробак, ехалі працаваць у Расію.

Да 2020 года было прынята плаціць 15-20 тысяч расійскіх рублёў. Раней гэта лічылася добрай стаўкай. Потым пачалася інфляцыя, а пасля дваццатага года плаціць сталі меней, ды і сам расійскі рубель хутка абясцэніўся [праз санкцыі]”.

Колькі плацяць кінаакторам у Беларусі і за мяжой? Распыталі аб ганарарах
Дзмітрый Есяневіч у серыяле "За паўгадзіны да вясны" / "Першая кінавідэакампанія"

Пасля 2020 года змяніліся ўмовы працы — актораў пачалі правяраць на лаяльнасць да ўлады, увялі маштабныя “чорныя спісы”. Праз гэта для такіх артыстаў, як Дзмітрый, працы зусім не засталося. 

Яго самога аднойчы знялі з праекта пасля зацвярджэння, прадзюсар быў знаёмы з сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам.

“Ён ведае, што ты купалавец, і мяне на**р завярнулі”, — удакладняе суразмоўца.

У знятых праектах нелаяльных актораў патрабавалі прыбраць, як адбылося з серыялам “За паўгадзіны да вясны”.

“Цяпер у Беларусі прыйшоў час тых, хто раней не здымаўся ці не быў вядомы, актораў-пачаткоўцаў. Яны граюць у агітках, на што не гатовыя ісці нават акторы з “чорных спісаў”. Ці глядзяць на магчымасць трапіць на расійскі праект. Усё як заўжды”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі