На аўкцыён у Польшчы выставілі карціну, напісаную ў Гродне 111 гадоў таму
Карціна "Помнік Антонію Тызенгаўзу з кафедральнага сабора ў Гродне"
На польскі аукцыён Onebid выставілі карціну з выявай помніка Антонію Тызенгаўзу ў гродзенскім Фарным касцёле, піша hrodna.life.
Аўтарка твора — віленская мастачка Луцыя Балзукевіч, вядомая таксама адзіным на Гродзеншчыне абразом "Святы Губерт", які захоўваецца ў Шчучынскім раёне.
Карціна з помнікам Тызенгаўзу была напісаная ў 1913 годзе ў рэалістычнай манеры. Яе памер — 55×36 см. На выяве няма дэкаратыўнай каванай агароджы вакол помніка. Магчыма, яе яшчэ не было на момант стварэння карціны або мастачка прыбрала яе для большай выразнасці і манументальнасці твора.
Ацэначны кошт карціны — 4,2−5,8 тысячы еўра. Аднак стартавы кошт на аўкцыёне 7 лістапада вызначылі ў тры з паловай тысячы еўра. Праўда, і за такую цану пакупнікоў на яе не знайшлося.
Магчыма, карціну будуць выстаўляць на продаж зноў. Творы Луцыі Балзукевіч з інтэр'ерамі віленскіх касцёлаў раней прадаваліся за 3,4−5,5 тыс. еўра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.