Генерал-маёр Бобрыкаў не пойдзе ў прэзідэнты, бо яго папрасілі афіцэры
Выбары
Генерал-маёр запасу Сяргей Бобрыкаў не будзе змагацца за подпісы выбарцаў і прэзідэнцкую пасаду. Ён адмаўляецца ад удзелу ў зборы подпісаў, каб такім чынам падтрымаць Аляксандра Лукашэнку.
"Каб забяспечыць адзінства афіцэрскага корпуса, не дапусціць дваякіх думак сярод вайскоўцаў, каб падтрымаць дзейнага кіраўніка дзяржавы і нашага лідара, мною было прынятае такое рашэнне", — пракаментаваў сваё рашэнне Бобрыкаў.
Бобрыкаву 62 гады. Са студзеня 2023 года ён сакратар Рэспубліканскага савета ГА "Беларускі саюз афіцэраў". Вучыўся ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы, потым скончыў Данецкае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча інжынерных войскаў і войскаў сувязі. У 1983-1985 гадах праходзіў службу ў Афганістане. Восем гадоў кіраваў ваеннай акадэміяй. Палкоўнік у адстаўцы.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 26 студзеня 2025 года. Выбары прызначылі на паўгода раней, чым маглі. Згодна з Канстытуцыяй, яны павінны былі адбыцца не пазней за 20 ліпеня.
Цікава, што прапагандысты ўжо "анансуюць", які адсотак на выбарах "напішуць" Аляксандру Лукашэнку. Сярод агучаных лічбаў — "больш за 90%".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.