Лукашэнка прызначыў двух намеснікаў Уладзіміра Макея і павысіў трэцяга

Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў прызначэнні ў сістэме МЗС Беларусі / @pul_1
Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў прызначэнні ў сістэме МЗС Беларусі / @pul_1

Два новыя намеснікі з'явіліся ў кіраўніка Міністэрства замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Аляксандр Лукашэнка ў чацвер зацвердзіў на гэтых пасадах Юрыя Амбразевіча (да цяперашняга часу ён працаваў пастаянным прадстаўніком Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе) і Ігара Назарука (з'яўляўся дырэктарам Дэпартамента гандлёвай палітыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі), паведамляе БЕЛТА. 

Сяргей Алейнік, які да гэтага працаваў намеснікам міністра, павышаны да першага намесніка міністра. Ён па-ранейшаму будзе адказваць за заходнееўрапейскі і паўночнаамерыканскі напрамкі, а таксама курыраваць службу дзяржпратакола. У зоне адказнасці Юрыя Амбразевіча будзе дзейнасць беларускіх замежных устаноў пры міжнародных арганізацыях. Назарук будзе курыраваць усю інтэграцыйную праблематыку і знешнеэканамічную дзейнасць.

Макей ацаніў новае размеркаванне паўнамоцтваў паміж намеснікамі міністра як аптымальнае. Паводле яго слоў, "гэта павінна надаць новы імпульс у рабоце кіраўніцтва МЗС".

Акрамя таго, Лукашэнка даў згоду на прызначэнне паслоў. Замест Амбразевіча ў Жэневу едзе Ларыса Бельская. Да нядаўняга часу яна працавала начальніцай аддзела знешнепалітычнага аналізу і галоўнага інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення МЗС. Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Грузіі прызначаны былы старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс. Прадстаўляць Беларусь у В'етнаме будзе Уладзімір Баравікоў, раней ён займаў пасаду начальніка галоўнага кадравага ўпраўлення МЗС.  Паслом Беларусі ў Венгрыі, а таксама па сумяшчальніцтве ў Босніі і Герцагавіне і Рэспубліцы Харватыя будзе Уладзімір Улаховіч. Дагэтуль ён узначальваў Беларускую гандлёва-прамысловую палату.

Каментуючы прызначэнні, Лукашэнка сказаў, што не будзе "тут распінацца і расказваць, якія глабальныя задачы нам трэба будзе рашаць", а скажа толькі адно, "што Міністэрства замежных спраў краіне сур'ёзна завінавацілася".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі