Лукашэнка ўзнагародзіў пракурораў, якія ўдзельнічалі ў палітычных працэсах
Сярод узнагароджаных — Людміла Іваненка, якая падтрымлівала абвінавачванне ў справе аб "нуль праміле" / ctv.by
Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў супрацоўнікаў пракуратуры, якія ўдзельнічалі ў палітычных працэсах. Яны адзначаны "за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, асабістыя дасягненні ў забеспячэнні законнасці". Тэкст указа апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
Сярод узнагароджаных — Дар'я Жук з Брэсцкай пракуратуры. Яна падтрымлівала абвінавачванне на працэсах "аб масавых беспарадках у Брэсце". Людміла Іваненка з Мінска прадстаўляла дзяржаву ў справе аб "нуль праміле ". Паводле яе хадайніцтва, працэс прайшоў у закрытым рэжыме. Журналіст Кацярына Барысевіч і доктар Арцём Сарокін былі прызнаныя вінаватымі ў разгалашэнні медыцынскай таямніцы. Барысевіч паўгода правяла ў турме. Яшчэ адзін узнагароджаны Лукашэнкам — Аляксандр Кароль з Мінску. Некалькі гадоў таму выступаў абвінаваўцам па справе анархіста Дзмітрыя Паліенкі, а таксама падтрымліваў абвінавачанне па справе публіцыстаў "Регнум". Усе трое ўзнагароджаны медалямі "За працоўныя заслугі".
Ва ўказе фігуруе і Валерый Куліковіч, начальнік упраўлення ўласнай бяспекі Генеральнай пракуратуры. Ён узнагароджаны ордэнам" За службу Радзіме " III ступені. Нагадаем, пасля жніўня 2020-га ў Генеральнай пракуратуры, як і ў іншых структурах, прайшлі вялікія "чысткі" — нелаяльных супрацоўнікаў звальнялі, ім не працягвалі кантракты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.