Лукашэнка зноў узяўся за футбол: "Ніякіх шалёных грошай"
Віктар Лукашэнка, Дзмітрый Баскаў, Мікалай Шарснёў, Сяргей Кавальчук і Ігар Петрышэнка
У чацвер Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную "развіццю беларускага футбола". На ёй прысутнічалі віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, старшыня Беларускай федэрацыі футбола Мікалай Шарснёў і чамусьці сумнавядомы "сенатар" Дзмітрый Баскаў. Лукашэнка кожны раз, калі бярэцца за футбол, загадвае "навесці парадак у спартыўных клубах". Гэта прагучала і цяпер.
"У цэлым, калі ацэньваць нашы спартыўныя дасягненні, яны нічога не вартыя, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Пры тых укладаннях і тых клопатах дзяржавы, якія мы аказваем спорту... Вы атрымліваеце нейкія прэферэнцыі. Парадак трэба навесці на працягу бліжэйшага часу — у першым квартале. Ніхто не павінен атрымліваць ніякіх шалёных грошай. У адваротным выпадку вы будзеце ўсе пазбаўленыя льгот. Клубы на сваіх чыноўнікаў і іншых набліжаных павінны зарабляць грошы самі. Хай ідуць і просяць у спонсараў. А так у нас дзяржава з'яўляецца асноўным спонсарам".
А яшчэ Лукашэнка абураўся на нарадзе, што Кавальчук і Шарснёў "нешта не падзялілі" і "не могуць працаваць адзін з адным". І дадаў: "Ды там жа дзяліць няма чаго!". Пра тое, што кіраўнік федэрацыі футбола ўступіў у канфрантацыю з міністрам спорту, стала вядома летам 2023-га. Ён заявіў міністру спорту, што АБФФ будзе самастойна прымаць рашэнні па развіцці футбола, а гэта Сяргею Кавальчуку не спадабалася.
У беларускім футболе ў апошнія гады прайшла "зачыстка" ўсіх, хто ў 2020-м выступіў супраць гвалту сілавікоў і за новыя выбары. У далейшым некаторым з футбалістаў давялося прайсці "абрад ачышчэння" перад рэжымам, каб атрымаць дазвол гуляць на радзіме.
"Сорамна глядзець. Часам брыдка", — кажа кіраўнік нарады пра сумны стан спраў у беларускім спорце. І дадае: "Выйграйце ў расіян... І ад вас больш нічога не трэба".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.