Лявон Вольскі выдаў альбом "Амерыка"
15 красавіка на музычных пляцоўках з'явіўся новы сольны альбом Лявона Вольскага "Амерыка". Ён натхнёныая амерыканскай музыкай 60-х і вестэрнамі.
"Я з дзяцінства люблю вестэрны. Гэтыя чырвоныя выпаленыя землі, населеныя суворымі шукальнікамі прыгодаў, драўляныя мястэчкі з салунам, касцёлам, банкам і, час ад часу, чыгуначнай станцыяй. Мужныя героі, асляпляльныя спадарожніцы, падступныя зламыснікі... Верны конь, паходнае вогнішча, дарожныя торбы... І хэпі-энд, ворагі глытаюць пыл, сілуэт героя павольна знікае на тле крывавага заходу сонца", — каментуе музыка.
Для запісу альбома выкарыстоўваліся адмысловыя інструменты і нават кампаненты. Напрыклад, струны для бас-гітары без абмоткі і пластыкі для бубноў, якія імітуюць старыя, зробленыя са скуры, як у 1960-х. Таксама для інструментаў і голасу выкарыстоўваліся толькі тыя эфекты, якія ўжываліся у тыя часы.
Ужо з 16 красавіка Вольскі пачне сусветны акустычны анлайн-тур. Канцэрты будуць зладжаныя для Польшчы (16 красавіка), Вялікабрытаніі (17), ЗША (18), Чэхіі (22), Ізраіля (23), Украіны (24), Германіі (25), Літвы (29) і Беларусі (30). Трансляцыя будзе весціся праз старонку Лявона Вольскага ў Facebook кожны раз толькі на названую краіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.