Лявон Вольскі выпусціў кліп “Спявайце” з фэнамі і музыкамі з розных краін
Лявон Вольскі прадстаўляе кліп на песню “Спявайце” з апошняга альбома “Псіхасаматыка”, зняты рэжысёрам Мацвеем Сабуравым. У ім зняліся прыхільнікі Вольскага, якія ўзялі ўдзел у краўдфандынг-акцыі, і сабралі грошы для выпуску альбома “Псіхасаматыка”, і музыкі з Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі і Германіі.
Агулам на апошнюю кружэлку музыкі скінуліся больш за 600 чалавек з 30 краін свету. Сярод музыкаў, якія бралі ўдзел у здымках кліпа, ― Akute, J:морс, “Без білета”, Trubetskoy, Gods Tower, “Дай дарогу!”, Re1ikt і Tonqixod. Акрамя таго, свае відэа даслалі гурты “Тартак” (Украіна) і Biplan (Літва), лідар гурта “Наив” (Расія) і аўтар-выканаўца Stoppok (Германія).
“Так атрымалася, што кліп аб'яднаў тых, хто звычайна знаходзіцца на сцэне, і тых, хто перад сцэнаю, ― кажа Лявон Вольскі. ― Людзі, якія ахвяроўвалі грошы, ― яны з розных краін, маюць розныя прафесіі, розны ўзрост, розны жыццёвы досвед. Музыкі ― таксама з розных гуртоў, з розных краін, граюць у розных стылях. Таму атрымаўся гэткі інтэграцыйны кліп. Мне падаецца, што інтэграцыя, аб'яднаньне музыкаў з музыкамі, слухачоў са слухачамі, музыкаў са слухачамі ― гэта тое, чаго нам цяпер вельмі бракуе. Гэтая інтэграцыя, паразуменьне ― тое, што мусіць усіх нас выратаваць”.
8 траўня Лявон Вольскі са сваім беларуска-нарвежскім калектывам прадставіць у Вільні вялікую праграму “172”, якая ахопіць усе перыяды яго творчасці: ад гурта “Мроя” да найноўшага сольнага альбома “Псіхасаматыка”.
Кошты квіткоў: танцпляц ― 49 руб., месца за столікам ― 69 руб. Інфармацыя па квітках і аўтобусных турах на сайце turmuz.by.