Мэр Рыгі адказаў Рэнэ Фазелю: у горадзе здымуць сцягі IIHF
У Рызе замест чырвона-зялёнага беларускага сцяга ўзнялі бел-чырвона-белы / facebook.com/StakisPar
У Рызе здымуць сцягі Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF). Такім чынам мэр латвійскай сталіцы Марціньш Стасіс адрэагаваў на зварот кіраўніка IIHF Рэнэ Фазеля, які абурыўся заменай беларускага сцяга на флагштоках у цэнтры горада.
Гэтымі днямі ў сталіцы Латвіі праходзіць чэмпіянат свету па хакеі. Напярэдадні ў цэнтры Рыгі, дзе ўсталяваныя сцягі краін — удзельніц турніру, быў спушчаны чырвона-зялёны беларускі сцяг і ўзняты бел-чырвона-белы. "Сцяг, што сімвалізуе рэжым, які ажыццяўляе дзяржаўны тэрарызм, недарэчны ў гарадскім асяроддзі Рыгі — таму мы яго знялі!" — патлумачыў тады гэты крок Марціньш Стакіс.
У адказ на гэта Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) накіравала ліст кіраўніцтву горада, дзе гэты ўчынак быў названы "непрымальным". Кіраўнік IIHF Рэнэ Фазель таксама папрасіў прыбраць сцягі чэмпіянату свету і федэрацыі "з тых пазіцый, дзе ў Рызе памянялі сцягі".
"Міжнародны чэмпіянат па хакеі з шайбай — гэта, перш за ўсё, свята для спартсменаў, аматараў хакея, рыжан і жыхароў Латвіі. Але мы не можам забыць, што ўсяго за некалькіх сотняў кіламетраў адсюль уганяецца самалёт ЕС, а людзей катуюць і забіваюць. Рэжым, які ўчыняе гэтыя злачынствы, паводзіць сябе як бандыт на нацыянальным, а цяпер і на міжнародным узроўні", — яшчэ раз патлумачыў свой крок мэр Рыгі.
Ён згодны, што можна паспрабаваць падзяліць спорт і палітыку, але немагчыма забыць пра беларускіх спартсменаў сусветнага класу, якіх "беларускі рэжым арыштоўваў, пераследаваў і дэпартаваў". На яго думку, у гэтых умовах немагчыма проста расслабіцца і атрымліваць асалоду ад хакея.
"Я люблю хакей з шайбай, але ніводзін спорт не павінен выкарыстоўвацца як прыкрыццё чыіх-небудзь злачынстваў", — адзначыў Стакіс.
Ён таксама расказаў, што атрымаў дзясяткі тысяч лістоў з усяго свету са словамі падзякі за падняты бел-чырвона-белага сцяг.
"Кожны павінен выбраць бок, на якім ён будзе стаяць — побач з людзьмі, якіх пераследуюць і якія хочуць свабоды, або побач з крывавым і некантраляваным дыктатарам. Я зрабіў свой выбар, і мы працягнем прыбіраць сцягі IIHF з грамадскіх месцаў у Рызе", — адзначыў мэр латвійскай сталіцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.