Мінчанку адправілі ў калонію за каментары пра сілавікоў і Лукашэнку
Алена Барысюк
45-гадовую мінчанку Алену Барысюк асудзілі на 2 года і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму за каментары пра сілавікоў, Аляксандра Лукашэнку і ўдзельнікаў расійскай агрэсіі супраць Украіны (нібыта іх "абражала" і "пагражала" ім). Прысуд быў агучаны 21 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе (суддзя — Міхаіл Макарэвіч). На яго прывялі студэнтаў ВНУ, каб яны "задумаліся пра наступствы" напісання каментароў у інтэрнэце, паведамляюць прапагандысты.
Старшы пракурор аддзела пракуратуры Мінска Дзмітрый Хавалка кажа, што Барысюк прызнана вінаватай у "наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці, варожасці па прыкмеце нацыянальнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці". У мінулым годзе Алена Барысюк была асуджана на "хатнюю хімію" і штраф (3700 рублёў) за "абразу прадстаўніка ўлады" (за каментар пра міліцыянера, вядомага па справе з эмодзі какашкі). Новую справу распачалі ў красавіку 2024-га. Судом Першамайскага раёна Мінска жанчына была асуджана за "абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады" (на які тэрмін, не ўдакладняецца). Цяпер жа ёй "дадалі пакаранне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.