Мінгарвыканкам не дазволіў мітынг на Дзень Волі каля Опернага тэатра
Мінгарвыканкам не дазволіў правесці 25 сакавіка мітынг каля Вялікага тэатра оперы і балета. Пра гэта заявіў кіраўнік руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, інфармуе TUT.by.
Чыноўнікі спаслаліся на тое, што арганізатары загадзя распаўсюдзілі інфармацыю пра будучы мітынг. Паводле беларускага заканадаўства, арганізатары не могуць публічна абвяшчаць пра мерапрыемства ў СМІ да атрымання дазволу.
"Але ўнікальнасць сітуацыі ў тым, што мы падалі заяўку на правядзенне мітынгу і 25 сакавіка, і 24 сакавіка на той жа пляцоўцы. Пра 24 сакавіка мы наўмысна не казалі нікому, таму лічым адмову Мінгарвыканкама незаконнай і будзем яе абскарджваць у судзе", — дадаў Губарэвіч.
Заяўку на палітычны мітынг каля Опернага тэатра падавалі рух "За Свабоду", АГП і БСДП (Грамада). Партыі хацелі, як і летась, паставіць каля тэатра свае намёты, у якіх распавядалі б наведнікам свята пра сваю дзейнасць.
Нагадаем, што грамадскія актывісты падавалі заяўку на правядзенне святкавання Дня Волі і канцэрта 24 сакавіка на стадыёне "Дынама". Аднак на сваёй прэс-канферэнцыі 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка назваў гэтую заяўку асабістай абразай для сябе. Пасля гэтага арганізатары прапанавалі чыноўнікам правесці свята каля Опернага тэатра або каля Палаца спорту.