Міністр аховы здароўя: сёння за паўдня ў Мінску раскупілі 70 тысяч масак
28 лютага за паўдня ў Мінску ў аптэках раскупілі 70 тысяч медыцынскіх масак. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Так насельніцтва сталіцы адрэагавала на інфармацыю пра прыход каранавіруса ў Беларусь. Па словах Караніка, у студэнта з Ірана няма клінічных сімптомаў каранавіруса.
Уладзімір Каранік кажа, што маскі са склада працягваюць падвозіць у аптэкі. "Мы разумеем, што гэта эмацыйная рэакцыя... Хаця гэта нічога не гарантуе", — кажа міністр. Паводле яго слоў, штодня ў нашай краіне выпускаецца каля 200 тысяч марлевых масак і каля 40 тысяч аднаразовых.
У пятніцу наконт масак выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Пачняце лямантаваць — маскі закончацца ці падаражэюць у 100 разоў, папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.