Міністр культуры: Спецыяльна глядзець узнагароджанне Алексіевіч не планаваў

Міністр культуры: Спецыяльна глядзець узнагароджанне Алексіевіч не планаваў

На сваё перадапошняе ў гэтым годзе пасяджэнне сабраліся дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 10 снежня. Так супала, што ўвечары гэтага ж дня у Стакгольме будуць урачыста ўзнагароджваць першага беларускага лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святлану Алексіевіч. Карыстаюся выпадкам, цікавімся ў дэпутатаў і чыноўнікаў, якія завіталі ў парламент, ці будуць яны глядзець трансляцыю са Швецыі?

            Святлана Алексіевіч на рэпетыцыі цэрымоніі ўзнагароджання

Сябра пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Вольга Палітыка тлумачыла дэпутатам і журналістам сэнс законапраекта “Аб прамысловай бяспецы”. Але не губляецца і перад “гуманітарным” пытаннем.

“Я азнаёмілася з выступам Святланы ў інтэрнэце, мне вельмі спадабалася яе прамова і асабіста я буду глядзець у інтэрнэце! Гэта ж першы наш беларускі Нобелеўскі лаўрэат-пісьменнік! Пра што тут яшчэ казаць?”

                          Вольга Палітыка

Запэўнівае, што будзе глядзець трансляцыю і старшыня камісіі па эканамічнай палітыцы Віктар Валюшыцкі.

"Чаму ж не?! Натуральна, буду глядзець! Безумоўна, гэта важная падзея для нашай краіны", ― адказвае дэпутат.

                                          Віктар Валюшыцкі

Сочыць за ўсім, што зараз адбываецца ў Стакгольме, і намесніца старшыні камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Зінаіда Мандроўская. Хоць і не падзяляе пазіцыю Святланы Алексіевіч па асобных пытаннях.

Зінаіда Мандроўская: “Я ўвесь час сачу за гэтай падзеяй. Я выдатна разумею яе (Алексіевіч ― Еўрарадыё) асаблівае стаўленне да падзей, што адбываюцца. Не заўсёды згодная з той пазіцыяй, якую выказвае Алексіевіч. Гэта, мабыць, з-за тых умоў, у якіх я жыву і жыла, мой погляд асабісты… Але, зразумела, гэта выдатная падзея і я гэтым ганаруся”.

                                                Зінаіда Мандроўская

Першы намеснік старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Ігар Быкаў журналістаў не баіцца, але ад пытання Еўрарадыё крыху бянтэжыцца.

Ігар Быкаў: “Шчыра кажучы, не ведаю нават… Я ў інтэрнэце пачытаў, паслухаў яе лекцыю, што яна кажа. А вось буду глядзець ці не буду глядзець ― не магу сказаць. І потым, гэта заўжды можна паглядзець у інтэрнэце”.

А вось дэпутат і спартсмен Вадзім Дзевятоўскі шчыра прызнаецца: глядзець трансляцыю са Стакгольма не будзе.

"На самой справе, еду ў акругу. Бо заўтра там дыспансер абмяркоўваем. І вось адразу, як тут заканчваецца, я еду ў Наваполацк".

― Гэта значная падзея для нашай краіны?

― Гэта вялікі прэстыж нашай краіны. Іншымі словамі: прыязджае прэзідэнт Французскай федэрацыі (!) і ганарыцца тым, што ў Беларусі такія людзі, якія праслаўляюць Беларусь.

Як спецыяльна пад мікрафон сёння трапляе і міністр культуры Барыс Святлоў. І таксама не можа адказаць пра свае планы наконт прагляду цырымоніі ўзнагароджання.

Барыс Святлоў: “Ведаеце, я буду, напэўна, глядзець, але, як бы гэта сказаць… спецыяльна не планаваў. Вось, каб у адкрытым эфіры”…

Міністр прызнаецца, што добра ведае творчасць Святланы Алексіевіч і шчыра здзіўляецца пытанню, ці плануецца неяк адсвяткаваць узнагароджанне пісьменніцы.

“Міністэрства культуры павіншавала. Вы лічыце сціпла павіншавала? Што мы павінны былі зрабіць? Мы тэлеграмай павіншавалі, асабіста, ад усёй душы. Ведаеце, мы ганарымся, безумоўна, тым, што ў нас ёсць лаўрэат гэтай прэміі, але святкаваць… Якім чынам святкаваць? Ну, давайце, я ў межах Міністэрства культуры падумаю, як яшчэ можна адсвяткаваць, калі чалавек атрымае гэтую ўзнагароду”.

                                  Барыс Святлоў

Удакладняем у міністра; ці з’яўляецца ўсё ж Святлана Алексіевіч дзеячам культуры? Бо яго намесніца тлумачыла на мінулым пасяджэнні парламента, што так можна казаць выключна пра тых творцаў, хто мае дзяржаўныя ўзнагароды. Вядома, што ў Алексіевіч ніякіх узнагарод і званняў няма.

Барыс Святлоў: “Дзеяч культуры ― гэта ўвогуле той чалавек, які займаецца ці працуе ў сферы культуры. Яна таксама дзеяч культуры. Калі размова ідзе пра ганаровае нешта ― тады гэта заслужаны дзеяч культуры. Калі чалавек такога знака не мае, то ён не заслужаны, але ж дзеяч культуры ― што тут незразумелага?!”

Выглядае, што альбо міністр крыху інакш трактуе праект Кодэкса “Аб культуры”, альбо яго намесніца не дакладна перадала змест законапраекта і дэпутатам, і журналістам.

На пытанне пра наданне нашаму нобелеўскаму лаўрэату звання заслужанага дзеяча культуры міністр параіў звярнуцца з такой прапановай у адпаведныя органы якому-небудзь, да прыкладу, грамадскаму аб’яднанню ці творчаму саюзу. А пытанне “Чаму ў Беларусі не выдаюць творы Алексіевіч” перанакіроўвае ў Мінінфармацыі… 

Фота: Змітра Лукашука, Стэфана Эрыксана

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі