Міністр замежных спраў Літвы: Лукашэнка пагражае Расіі?
У Вільні пракаментавалі пагрозы ўладаў Беларусі перакрыць, у адказ на спыненне транзіту калійных угнаенняў, чыгуначны транспарт, які ідзе з Літвы праз нашу краіну. "Трэба прызнаць, спадару Аляксандру [Лукашэнку] вынаходлівасці не займаць", — цытуе словы міністра замежных спраў Габрыэлюса Ландсбергіса Delfi. Ён лічыць, што пасля крызісу з мігрантамі да пагрозаў Лукашэнкі трэба ставіцца сур'ёзна, "паколькі яны могуць стаць рэальнасцю".
Ландсбергіс кажа, што пакуль улады Літвы сочаць за сітуацыяй, кантактуюць з партнёрамі і робяць папярэднія разлікі. Ён падкрэсліў, што большасць транзіту праз Літву ідзе ў Калінінградскую вобласць. "Трэба гэта мець на ўвазе, — працягвае літоўскі міністр. — Ці азначае гэта, што Лукашэнка пагражае Расіі, што спыніць неабходныя яе жыхарам грузы?".
Габрыэлюс Ландсбергіс лічыць, што калі б Аляксандр Лукашэнка "хацеў бы канкрэтна пакараць Літву", то беларусам давялося б "спыняць кожны цягнік і правяраць, куды ён ідзе... аддзяліць літоўскія цягнікі ад нелітоўскіх". На яго думку, гэта "складаная задача". У Мінску, відаць, лічаць інакш. Не здарма беларускі прэм'ер Раман Галоўчанка гаварыў, што "контрсанкцыі" могуць закрануць цягнікі, якія ідуць "з Літвы", а не ў Літву. Відаць, транзіт у Калінінградскую вобласць улічваецца ў падрыхтаваным плане.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.