Мінскім вуліцам вернуць гістарычныя назвы
Шыльды са старымі назвамі будуць размешчаныя побач з цяперашнімі.
Актывісты грамадскага аб'яднання "Альтэрнатыва" (зарэгістраванага ў Латвіі) атрымалі ад чыноўнікаў адказ на свой зварот. Мінскія ўлады ўхвалілі прапанову размясціць на цэнтральных вуліцах сталіцы дадатковыя шыльды з гістарычнымі назвамі. Гаворка ідзе пра 16 вуліцаў, дзве плошчы, два праспекты. Усе яны размешчаныя ў раёне Верхняга горада, Нямігі, плошчы Незалежнасці, стадыёна Дынама, Ракаўскага і Траецкага прадмесцяў.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Дамарацкі ў пісьмовым адказе паведаміў, што прапанову перададуць у камісію па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліцаў, плошчаў Мінска на бліжэйшае пасяджэнне. З падтрымкай праекта выступіў і намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко.
У каментары Еўрарадыё кіраўнік "Альтэрнатывы" Алег Корбан кажа, што на дублюючых шыльдах размесцяць усе вядомыя гістарычныя назвы вуліцы:
Корбан: "У хрананалічным парадку з таго стагоддзя, з якога вядома. Напрыклад, вуліца Карла Маркса адным з першых назоваў мела вуліца Падгорная, потым — Новы Рынак, а ўжо ў савецкі час — Свярдлова. А напрыканцы савецкай улады і па сённяшні дзень гэта вуліца Карла Маркса".
Корбан спадзяецца, што шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц з'явяцца ўжо сёлета, у найлепшым варыянце — да лета. Але калі месяц-два ад чыноўнікаў не будзе ніякіх звестак, то актывісты зноў дашлюць звароты да іх.
Дарэчы, шыльды з ранейшымі назвамі вуліц можна пабачыць у Магілёве, Баранавічах, Клецку, гарадскім пасёлку Халопенічы.
Фота вуліцы Падгорнай / Карла Маркса ў Мінску — news.tut.by