Мінскія ўлады дазволілі павесіць дошку на дом, дзе была абвешчаная БНР
Мінскія ўлады пагадзіліся павесіць памятную шыльду на дом у Мінску па вуліцы Валадарскага, дзе сто гадоў таму была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. 1 сакавіка стала канчаткова вядома, што такі дазвол ёсць. Праз сайт Talaka.org пачаўся збор сродкаў, каб адліць аб’ект з бронзы, паколькі старая дошка, створаная ў 1993 годзе, знаходзіцца не ў самым добрым стане. Патрэбна шэсць тысяч рублёў.
Кіраўнік праекта Глеб Лабадзенка патлумачыў: “Старую дошку вырабілі з сілуміну (сплаў алюмінію з крэмніем). Гэта не самы шляхетны матэрыял, глядзіцца ён больш чым просценька. Але для таго часу гэта было, бадай, самым даступным варыянтам. У двух месцах на дошцы былі дзіркі, заробленыя не вельмі ахайна. Вершнік складаецца з трох частак і літаральна развальваецца. Літары скачуць і маюць розны памер (аўтар наракае, што адлітая дошка была не вельмі якаснай). Другая праблема — нам не пагаджаюцца ўзгадняць надпіс на дошцы тарашкевіцай. Да тэксту пытанняў няма, але ён мусіць быць сучасным правапісам”.
У сувязі з гэтым было прынятае рашэнне вырабіць копію гэтай дошкі, якую збіраюцца усталяваць роўна да стагоддзя памятнай даты.
“Калі мы хочам, каб дошка з’явілася да 25 сакавіка, то адзіны спосаб — хуценька скінуцца і адліць годную бронзавую дошку з надпісам, які ўзгоднены ўладамі,” — напісаў Лабадзенка на старонцы збору сродкаў.