М.Лазавік: Безальтэрнатыўныя акругі - не лепшы варыянт для выбараў

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове ў 12 выбарчых акругах, пяць з якіх знаходзяцца ў Гродзенскай вобласці. Сярод гэтых кандыдатаў пераважна дырэктары прадпрыемстваў, старшыні райвыканкамаў, намесніца старшыні аблвыканкама і начальнік галоўнага ўпраўлення кадравай працы Адміністрацыі прэзідэнта.  Сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік кажа, што і сам не рады такой колькасці безальтэрнатыўных акругаў:

"У некаторых акругах нас нават здзівіла сітуацыя, таму што безальтэрнатыўныя акругі - не самы лепшы варыянт для выбараў".

Падобная сітуацыя магла б скласціся і ў Палескай выбарчай акрузе № 43. Спачатку з выбараў нечакана зняўся вядомы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян. Пасля з'явілася інфармацыя, што і сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Гаўрыленка збіраецца зняцца з выбараў, і тады старшыня Ельскага райвыканкама Сяргей Канопліч застаўся б у адзіноце. Аднак лідэр АГП Анатоль Лябедзька кажа, што "Гаўрыленка сярод тых, хто пакуль застаецца".

Мікалай Лазавік у інтэрв'ю Еўрарадыё патлумачыў, колькі адсоткаў трэба набраць кандыдатам у безальтэрнатыўных акругах для перамогі:

"Галоўная ўмова - набраць болей за 50% галасоў выбарцаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Будзе прызнана, што выбары адбыліся, калі на ўчасткі прыйшлі больш за палову выбарцаў, якія ўнесеныя ў спісы".