“Мяняць Канстытуцыю трэба ўрачыста”: Дракахруст пра Усебеларускі сход і Пуціна

“Мяняць Канстытуцыю трэба ўрачыста”: Дракахруст пра Усебеларускі сход і Пуціна

Усё-такі там крыху іншая сітуацыя, як у нас, памятаеце, быў мем “Саша 3%”? У Расіі ніхто не гаворыць “Вова 3%”, — лічыць палітычны аглядальнік Радыё Свабода Юрый Дракахруст. У інтэрв'ю рэдактару Еўрарадыё Змітру Лукашуку ён паразважаў наконт таго, што будзе на Усебеларускім сходзе і ці будзе падтрымліваць Расія Беларусь, калі там пачнуцца хваляванні.

— Існуе шмат разваг, што можа быць і якога ката ў мяху нам могуць паднесці так званыя дэлегаты Усебеларускага сходу. Ці сапраўды падчас сходу нешта можа адбыццца з Канстытуцыяй?

— Не, гэтым разам не. Пра гэта, уласна, як бы сведчыць указ Лукашэнкі пра скліканне сходу, вось для гэтага ўказа там будуць абмяркоўваць вынікі пяцігодкі і планы на наступную пяцігодку. Ніякай Канстытуцыі там няма. Але ёсць прэцэдэнт: першы гэты Усебеларускі сход у 96-м годзе склікаўся для таго, каб ухваліць, падтрымаць, прадэманстраваць народную падтрымку тагачасным зменам у Канстытуцыю, якія прапаноўваў Лукашэнка. Але прыгадайце, што тады Лукашэнка спачатку падрыхтаваў праект, потым падаў у парламент, у парламенце там былі спрэчкі, тое-сёе... І гатовы праект Канстытуцыі тады сход ухваліў. Цяпер ніякага праекта няма. І таму што яны будуць ухваляць, ката ў мяху? За два тыдні немагчыма прадставіць праект. Больш таго, сам Лукашэнка кажа, што праект будзе напрыканцы года. За фактычна дзесяць месяцаў абмяркоўваць нешта, што яшчэ будзе, ну гэта нерэальна. 

Акрамя таго, літаральна ўчора стала вядома, што Лукашэнка падпісаў яшчэ адзін указ і даручыў парламенту распрацаваць папраўкі ў закон аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах. І ёсць думкі, што размова ідзе пра тое, каб працягнуць праз гэты закон новы статус Усебеларускага сходу. Але там дэдлайн — гэта лістапад. Да лістапада Палата прадстаўнікоў павінна падрыхтаваць адпаведны закон, так што гэта ўсё не пра люты. У лютым не будзе нічога нечаканага. Але так проста не робіцца. Магчыма, у будучыні, калі Лукашэнка кажа, што напрыканцы года ён прадставіць нейкі праект, ён будзе вынесены на рэферэндум, і, магчыма, там, у праекце Канстытуцыі, будзе нейкі новы статус Усебеларускага сходу. Але гэта не пра цяпер. Гэта пра потым.

У лютым будзе звычайна, як было ў 16-м, 10-м годзе. Збяруцца, абмяркуюць, што ўсё добра, за пяць гадоў выканалі пяцігодку і вось у нас планы на новую пяцігодку. У афіцыйных газетах гэтыя планы надрукаваныя, вот і ўсё. Пакуль так.

— Ну, усё ж такі 1996 год і 2021-ы крыху адрозныя ў стаўленні таго ж самага Лукашэнкі і ўсёй уладнай вертыкалі да таго, што яны робяць і як на гэта адрэагуюць як знутры, так і звонку. Цяпер у нас “иногда не до законов”. Можа быць, напрыклад, такі варыянт, што народны сход стане кансультацыйным органам? І Лукашэнка потым скажа, ну вось, народ мне сказаў, падтрымаў, выказаў сваю такую згоду на гэта. І таму вось я прымаю без усякіх рэферэндумаў, абмеркаванняў тое, што мы тут падрыхтавалі.

— Не, так не бывае. Прычым не бывае не таму, што "до законов" ці "не до законов". Усё ж такі мяняць Канстытуцыю трэба ўрачыста: вось ёсць прапановы і іх мяняе народ у выглядзе сходу, які зараз збіраецца. Іншая справа, што, можа быць, гэта ж не забаронена, ён можа правесці яшчэ адзін сход, пазней. Магчыма, у канцы гэтага года, магчыма, на пачатку наступнага, але я не думаю. Усё ж такі, ведаеце, ён прыхільнік рэферэндумаў. Народ прызвычаіўся, што такія пытанні вырашаюцца на рэферэндумах. Мне здаецца, працягнуць гэты раз вось гэты сход — гэта несур'ёзна. Прычым несур'ёзна ў вачах у тым ліку і яго прыхільнікаў. Бо людзі прызвычаіліся.

— У Расіі пачаліся пратэсты, і некаторыя лічаць, што, маўляў, зараз Расіі будзе не да Беларусі. Яны будуць сваімі ўнутранымі праблемамі больш займацца, і скароціцца нейкая падтрымка Мінска Масквой. Ці варта на гэта спадзявацца?

— Такое можа быць. Але я не думаю, што барацьба з рэвалюцыяй ці з пратэстамі патрабуе такіх грашовых выдаткаў. Я думаю, што тут будзе працаваць, хутчэй, іншы механізм. Бо ў жніўні мінулага года адным з фактараў, чаму Пуцін падтрымаў Лукашэнку, была салідарнасць дыктатараў, але ў такім абстрактным сэнсе. А зараз гэта сітуацыя яшчэ больш, мне здаецца, абвастраецца, таму што тады пад ударам быў толькі Лукашэнка, а зараз пад ударам і Пуцін. Як казаў Лукашэнка, "мы з Пуціным у адным чоўне", ну дык сітуацыя сапраўды загнала Пуціна ў гэты човен. І ў гэтым сэнсе Пуцін успрымае гэта як адзін фронт фактычна. Ці розныя франты адной вайны. 

Таму я думаю, хутчэй, будзе спакуса падтрымаць свайго саюзніка па гэтым змаганні. І мы памятаем, напрыканцы мінулага года ішлі нейкія размовы пра тое, што “а можа, Захад з Пуціным пра нешта дамовяцца з Беларуссю”. Але яны не дамовяцца. Таму што Крэмль успрымае гэта як дыверсію Захаду, як напад Захаду, прыкладна як Лукашэнка. І таму ці асыплюць золатам Лукашэнку ў выніку вось такой вось сітуацыі — гэта не факт. Я думаю, што будуць эканоміць. Але ж гэтыя паўтара мільярда, якія былі дадзеныя ў Сочы, гэта не апошняе. Але я магу памыліцца. Справа ў тым, што невядомая дынаміка пратэстаў у Расіі. Калі яны разгоняцца да маштабаў беларускіх, то не выключана, што Крамлю будзе не да Лукашэнкі. Ну пакуль яны, як мне здаецца, далёкія ад гэтага. І ўсё-такі там крыху іншая сітуацыя, чым у нас. Памятаеце, быў мем “Саша 3%”? У Расіі ніхто не гаворыць “Вова 3%”. І можна спрачацца, ці ёсць за Лукашэнкам нешта акрамя АМАПа, але ж за Пуціным ёсць, у тым ліку і народная падтрымка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі