Пано і талеркі. Што за сувеніры чыноўнікі дораць замежнікам і хто іх вырабляе
Хто вырабляе сувеніры для беларускіх чыноўнікаў?
Вы дакладна бачылі, як беларускія дыпламаты, чыноўнікі ці Лукашэнка ўручаюць замежным дзеячам розныя сувеніры: кнігі, цукеркі, нацыянальныя касцюмы…
Адкуль бяруцца гэтыя падарункі? Іх закупляе за велізарныя грошы прадпрыемства "Белмастацпромыслы".
Еўрарадыё вывучыла дзяржзакупкі і даведалася, што і па якіх цэнах закупалі, а таксама высветліла, хто вырабляе гэтыя сувеніры для чыноўнікаў.
Сталовыя камплекты з "Крыніцы Палесся"
Адзін з пастаўшчыкоў сувеніраў для "Белмастацпромыслаў" — Пінская фабрыка мастацкіх вырабаў "Крыніца Палесся".
Як заяўляе само прадпрыемства, яно "з'яўляецца эксклюзіўным вытворцам нацыянальных, сцэнічных і іншых спецыяльных касцюмаў па даступных цэнах".
А ці па даступных? Мы знайшлі закупку "Сталовы сувенірны камплект з вышыўкай (абрус + стальніца + 12 сурвэтак)" — усё гэта каштавала 559,75 рубля.
Пано са "Скарбніцы" і BogOakDesignStudio
Прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў "Скарбніца" таксама вырабляе сувеніры для беларускіх чыноўнікаў.
На дзяржзакупках у адным з лотаў ёсць пазіцыя "Выраб са шкла: пано"— сувенір з такім самым артыкулам мы адшукалі на сайце "Скарбніцы".
Цікава, што "Белмастацпромыслы" купілі пано за 635,93 рубля, а ў каталогу вытворцы яно каштуе 242,51 рубля.
Яшчэ адно пано — "Карта Рэспублікі Беларусь з гадзіннікам" было набытае "Белмастацпромысламі" за 867 рублёў.
Хутчэй за ўсё, яго вырабляе творчая майстэрня BogOakDesignStudio — яна спецыялізуецца на вырабе сувеніраў з натуральнага моранага дуба — у іх на сайце мы знайшлі пано з такой самай назвай.
Талерачкі са “Славутасці”
Не так даўно "Белмастацпромыслы" закупілі для сувеніраў некалькі дэкаратыўных талерак у стылі "Сожская скань" па 1,5 тысячы рублёў.
Падобную прадукцыю ў гэтай жа тэхніцы вырабляе прыватнае прадпрыемства "Славутасць" — у іх ёсць цэлая секцыя такіх тавараў.
На іх сайце гаворыцца, што стыль "Сожская скань" пакуль існуе адно толькі ў Беларусі і валодае ім толькі некалькі чалавек, а працы гэтай майстэрні перадаваліся беларускімі топ-чыноўнікамі ў падарунак Папу Рымскаму, патрыярху Маскоўскаму, англійскай каралеве і кіраўнікам дзяржаў.
Што яшчэ закуплялася?
Апошняя закупка "Белмастацпрамыслаў" абышлася бюджэту ў 187 тысяч рублёў.
Вось некаторыя сувеніры са спісу і сумы, за якія яны былі набытыя:
Камплект пасцельнай бялізны — 3000 рублёў.
Сувенірныя вырабы тканыя: Пояс тканы сувенірны — 12 тысяч рублёў.
Сувенірныя вырабы тканыя: Пояс — 10 тысяч рублёў.
Сувенірныя вырабы тканыя: Абрус тканы — 2425 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.