"На беларускіх радыё кажуць, што мае песні занадта модныя, таму нефарматныя"

"На беларускіх радыё кажуць, што мае песні занадта модныя, таму нефарматныя"

У 7 сезоне ўкраінскага тэлешоў "Голос краіны" удзельнічаюць тры спевакі з Беларусі. Гэта салістка Вялікага тэатра оперы і балета Анастасія Малашкевіч, якая патрапіла ў каманду Ціны Караль, Ягор Шаранкоў (адзін з удзельнікаў дуэта The EM з леташняга Нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне") — яго настаўнікам стаў Сяргей Бабкін, і пераможца "Славянскага базару-2015" Валерыя Грыбусава — з ёй працуе Джамала.

Уся тройца паспяхова змагалася ў двубоях і цяпер рыхтуецца да наступнага этапу "Голасу" — накаўтаў. Пра тое, навошта беларускім музыкам замежныя тэлешоу, у якіх звычайна не перамагаюць прадстаўнікі іншых краін, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца маладыя артысты на радзіме, наколькі патрабавальная Джамала і хто б мог "журыць" у беларускім "Голасе", пытаемся ў Валерыі Грыбусавай.

 

Еўрарадыё: 19 сакавіка ў двубоях вы перамаглі нігерыйскую спявачку Кемі Оке. Што сказала Джамала пра ваш выступ?

 

Валерыя Грыбусава: Сказала, што далей ёй цікавей ісці з чалавекам, які будзе больш працаваць і хутчэй рэагаваць на яе просьбы. Джамала палічыла, што я яе не падвяду, і я яе не падвяду. Я рада, што перамагла ў такім сумленным баі. Вельмі цікава было спяваць з дзяўчынай, якая вырасла ў сям'і пастара, якая мае прамое дачыненне да госпела. Я пераймалася, бо не расла на такой музыцы. Але маміна тэлефанаванне зрабіла сваю справу. Яна сказала, каб я не выходзіла на сцэну прайграўшай. Так і выйшла: у нас атрымаўся дуэт, атрымалася добрая музыка.

 

Еўрарадыё: Як праходзяць заняткі з Джамалай? На што яна перш за усіё звяртае ўвагу?

 

Валерыя Грыбусава: Яна прысутнічае на кожнай рэпетыцыі, спрабуе раскрыць кожнага чалавека, да ўсіх вельмі ўважліва ставіцца. Звяртае ўвагу на тэхнічныя моманты: як фарміруецца нота, як яе ўзяць, пра што падумаць, які настрой мусіць быць. Вельмі пазітыўны чалавек, з ёй вельмі лёгка, і я ніколі не адчувала такога, маўляў, Джамала — пераможца "Еўрабачання", вядомая спявачка, а я — дзяўчынка з Мінска. Мы размаўляем на адной мове.

Еўрарадыё: Беларускія ўдзельнікі "Голасу" ніколі не выходзілі ў фінал тэлешоу ні ва Украіне, ні ў Расіі (Сяргея Волкава лічыць не будзем, бо з Беларусі ён з'ехаў даўно і ў айчынным шоу-бізе заўважаны ніколі не быў). Ведаючы, што ўсё адно ў тэлешоў выйграе прадстаўнік той краіны, у якой яно адбываецца, які сэнс у ім удзельнічаць?

 

Валерыя Грыбусава: Удзел патрэбны для чарговага досведу, выпрабавання сябе, для таго, каб рухацца далей. Натуральна, што пераможа ўкраінец, таму, лічу, было б крута, каб такі ж праект быў у нашай краіне, каб набылі ліцэнзію і арганізавалі яго на адным з нашых тэлеканалаў. Думаю, у нас ёсць усе шанцы зрабіць яго паспяховым, ёсць людзі, якія могуць стаць трэнерамі.

 

Еўрарадыё: Хто гэтыя людзі?

 

Валерыя Грыбусава: Напрыклад, Валерый Дайнэка — наш Джордж Майкл, мэтр. Той жа Юзары, гурты Navi, Shuma. Я б розных людзей туды пасадзіла. Але арганічней усё ж выглядалі б маладыя крэатыўныя трэнеры, бо праект малады, таму патрэбны свежы погляд на музыку.

 

Еўрарадыё: Беларусы штогод удзельнічаюць у "Голасе краіны". Аднак на радзіме іх можна сустрэць, на жаль, у рэстаранах — яны зарабляюць грошы, выконваючы каверы, хаця многія з гэтых спевакоў дадуць фору каму заўгодна. То бок, усе гэтыя тэлешоу, па сутнасці, не нясуць у сабе ніякай перспектывы?

 

Валерыя Грыбусава: Шлях кожнага ўдзельніка — у яго руках. Гэты момант, калі ты на "Голасе", нельга ўпускаць, трэба працаваць, ствараць сваё. У красавіку я выпускаю дэбютны альбом "В моей комнате", бо ўсе песні з кружэлкі ствараліся менавіта ў маім пакоі. Гэта будзе мая гісторыя, у якой я не баюся кранаць тэмы маладосці, свабоды, кахання. Я раблю электронную музыку. Праект называецца VAL, з прадакшнам дапамагае студыя ToneTwins (Улад Пашкевіч і Андрэй Кацікаў), якая даводзіла да ладу песню Naviband для "Еўрабачання". Я спадзяюся, гэты альбом спадабаецца і разняволіць слухача, бо гэта музыка не пра праблемы, а пра тое, як ні пра што не думаць. Мяне натхняе брытанскі дуэт Disclosure, Mura Masa, Kartell. Гэта вельмі актуальная за мяжой музыка. Таму хочацца заняць гэтую нішу тут, у Беларусі, як ва Украіне гэта зрабілі Іван Дорн ці Onuka.

Еўрарадыё: Калі б у вас быў выбар, нарадзіцца ў краіне з беларускім шоу-бізам ці з украінскім, ведаючы, што вы будзеце спявачкай, які б варыянт выбралі?

 

Валерыя Грыбусава: Цяжка сказаць, але ля сонца цёпла, а ля дома ― добра. І нягледзячы на розныя нюансы можна рабіць і тут добрую музыку. Нам, магчыма, не хапае нейкай свабоды для развіцця, але свабода ў нас у галаве.

 

Еўрарадыё: Вам 22 гады, вы рыхтуеце да выхаду дэбютны альбом, працуеце ў аркестры Фінберга, выйгралі "Славянскі базар". Але ваша патэнцыйная аўдыторыя, вашы равеснікі, вас не ведаюць. З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца ў Беларусі маладыя музыкі?

 

Валерыя Грыбусава: На жаль, у нас мала пляцовак для продажу сябе, няма музычных каналаў, праз якія пра нас могуць даведацца слухачы. Цяжка без прадзюсара, без піяр-менеджара. Мы выступаем на закрытых тусоўках, вечарынках, прэзентацыях. Гэта вельмі вузкае кола. Але мая музыка арыентуецца на больш шырокае кола свабоднай моладзі, якая развіваецца, глядзіць наперад, слухае класную музыку і адчувае сябе сабой. Калі я адпраўляю сваю музыку на беларускія радыё, мне кажуць, што гэта занадта модна, і гэта нефармат. Калі гэта “модна” — стала нефарматам? Цяжка прабіцца на вялікія тэлевізійныя канцэрты. Таму сёлета я буду спрабаваць патрапіць на сцэны FSP, Mirum, удзельнічаць у канцэртах на Кастрычніцкай, у адкрытых прасторах кшталту ЦЭХа, "Верха" — гэта ўсё тое, што мне падабаецца.

"На беларускіх радыё кажуць, што мае песні занадта модныя, таму нефарматныя"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі