На саміце па ядзернай бяспецы заклікалі змагацца з ядзернай кантрабандай

На саміце па ядзернай бяспецы заклікалі змагацца з ядзернай кантрабандай

Пагрозы з боку тэрарыстаў і Паўночнай Карэі сталі асноўнымі тэмамі міжнароднага саміта па ядзернай бяспецы, які пачаўся 31 сакавіка ў Вашынгтоне. У сталіцу ЗША прыехалі дэлегацыі з 50 краін, большасць з якіх узначальваюць прэзідэнты і прэм’ер-міністры. А вось Расія сустрэчу ігнаруе, бо не чакае прарыўных рашэнняў. Супярэчнасці з Масквой сталі відавочныя яшчэ на леташнім саміце ў Гаазе. Тады Расія адмовілася ўдзельнічаць у Ініцыятыве па ўмацаванні ядзернай бяспекі і паставіла ўмову, што не будзе браць на сябе абавязкі па скарачэнні запасаў ядзерных матэрыялаў.

Гэтым разам прэзідэнт ЗША Барак Абама яшчэ раз заклікаў Маскву скараціць ядзерную зброю сярэдняй і меншай дальнасці. Ён падкрэсліў, што масіўны ядзерны арсенал ЗША ўзроўню халоднай вайны не пасуе для сучасных пагроз.

“Злучаныя Штаты і Расія, якія разам валодаюць 90% сусветнай ядзернай зброі, павінныя правесці перамовы з мэтай далейшага скарачэння нашых арсеналаў”, — заявіў амерыканскі прэзідэнт.

Але дадаў, што Масква працягвае прытрымлівацца дамовы па СНУ (скарачэнні наступальных узбраенняў), і “да 2018 года колькасць разгорнутых амерыканскіх і расійскіх ядзерных боегаловак будзе на самым нізкім узроўні з 1950 года”, — паведамляе Washington Post.

На саміце па ядзернай бяспецы заклікалі змагацца з ядзернай кантрабандай
Барак Абама Фота: Global Look Press

Кітай на саміце заклікаў да аднаўлення шасцібаковых перамоў па ўрэгуляванні ядзернай праблемы карэйскага паўвострава. Там у апошні час абвастрылася сітуацыя пасля заяў Пхеньяна пра планы новых выпрабаванняў ядзернай зброі.

Намеснік дзяржсакратара ЗША па пытаннях міжнароднай бяспекі Роўз Гетэмюлер адзначыла, што міжнародная супольнасць мусіць прыкладаць больш намаганняў у барацьбе з ядзернай кантрабандай:

“У шматлікіх дзяржавах продаж ядзернай зброі дагэтуль не з’яўляецца злачынствам. І гэта яшчэ адна сфера, дзе мы мусім прыкласці шмат намаганняў не толькі для таго, каб знайсці кантрабандныя матэрыялы і ядзерных кантрабандыстаў, але і прыцягнуць іх да адказнасці”, — перадае словы палітыка Euronews.

Паводле дадзеных арганізацыі Nuclear Threat Initiative, што займаецца ўмацаваннем ядзернай бяспекі, з 45 краін, якія маюць запасы радыеактыўных матэрыялаў, толькі 24 забяспечвалі надзейную абарону аб’ектаў ад кібератакі, а многія дзяржавы так і не прынялі нават базавых мераў супраць патэнцыйнага сабатажу.

Саміт па ядзернай бяспецы ў Вашынгтоне завершыцца першага красавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі