На Tallinn Music Week 2017 выступяць 4 артысты з Беларусі
Арганізатары фестывалю Tallinn Music Week абвясцілі імёны 237 артыстаў з 33 краін, якія з 31 сакавіка па 2 красавіка выступяць у сталіцы Эстоніі. Беларусь будуць прадстаўляць Awlnight, ili-ili, Shaman Jungle, Evand.
Абраныя беларускія артысты прадстаўляюць цалкам розныя музычныя плыні: Awlnight — хіп-хоп/электроніку, ili-ili — поп-рок, Shaman Jungle — world music, Evand — неакласіку. Для Awlnight гэта ўжо другая паездка на Tallinn Music Week. Акрамя гэтага ён нядаўна выступаў на фестывалі MENT Ljubljana ў Славеніі. Для астатніх гэта будзе першая паездка на еўрапейскія шоўкейс-фестывалі.
"Мы атрымалі з Беларусі 86 заявак і ў чарговы раз пераканаліся, што вы маеце моцную музычную сцэну. Паўторнае запрашэнне Awlnight — рэдкая з’ява, якая сведчыць, наколькі артыст спадабаўся арганізатарам і публіцы", — кажа праграмны дырэктар фестывалю Tallinn Music Week Райманд Пылдмаа.
Апроч навічкоў, на сёлетнім Tallinn Music Week выступяць гурт Onuka (Украіна), удзельнік Einstuerzende Neubauten Аляксандр Хакэ, вядомая па супрацоўніцтве з Пітэрам Гэбрыэлам шведская спявачка Джэні Абрахамсан і іншыя.