Набліжаны да Лукашэнкі бізнесмен выкарыстаў хітры трук для сыходу ад санкцый
Дзмітрый, Аляксей і Віталь Алексіны / калаж Еўрарадыё
Адзін з найбуйнейшых беларускіх бізнесменаў Аляксей Алексін амаль апынуўся ў санкцыйным спісе Еўрасаюза. Гэта той выпадак, калі "амаль" лічыцца. Кажуць, Алексін — адзін з тых, каго выкраслілі са спіса ў апошні момант. І нельга выключаць, што офіс Святланы Ціханоўскай і НАУ даб'юцца-такі, каб прадпрымальнік, якога час ад часу называюць "кашальком Лукашэнкі", трапіў пад санкцыі.
Мяркуючы па ўсім, бізнесмен гэта добра разумее. Інакш чым растлумачыць тое, што Алексін вырашыў "пайсці на апярэджанне" і падаслаць саломкі там, дзе, магчыма, давядзецца ўпасці? Еўрарадыё расказвае як.
(Амаль) усё — дзецям
Найбуйнейшая кампанія Алексіна — шматпрофільная "Энерга-Оіл". Яна і гандлюе тытунём (тыя самыя "Табакеркі"), і валодае МТБанкам, і працуе ў гасцінічна-рэстараннай сферы, і ўтрымлівае спартыўна-стралковы комплекс. Раней непасрэднымі ўласнікамі кампаніі былі Аляксей Алексін і яго жонка Іна. Але цяпер бізнесмен дэ-юрэ выйшаў з гульні.
Сваю долю Алексін перапісаў на сыноў — малодшага Віталя і старэйшага Дзмітрыя.
Віталь Алексін, здаецца, яшчэ занадта малады, каб паспець засвяціцца ў вялікім бізнесе. Пра яго ў прынцыпе стала вядома толькі дзякуючы гульні ў футбол. 23-гадовы спадчыннік бізнес-імперыі гуляў за аматарскую каманду "Энерга-Оіл".
А вось Дзмітрый Алексін у бізнесе даўно. Яго імя ўпершыню прагрымела ў 2013-м, калі паведамлялася пра яго магчымае затрыманне ў ролі аднаго з топ-менеджараў кампаній іншага блізкага да Лукашэнкі бізнесмена — Юрыя Чыжа. Пазней аказалася, што пытанні ў сілавікоў былі ўсё ж да бацькі Дзмітрыя. Справа хутка рассмакталася.
Цікава, што ў мінулым дзесяцігоддзі Дзмітрый Алексін ўжо быў "задзейнічаны" ў сітуацыі з санкцыямі. Калі пад іх трапіў Юрый Чыж, ён фармальна стаў адным з уладальнікаў латвійскай Neonafta. Дарэчы, тады ён быў у такім жа ўзросце, у якім цяпер Віталь. Долі ў кампаніі таксама дасталіся тады Іне Алексінай і Аляксандру Грахоўскаму.
Сёння Дзмітрый Алексін, мяркуючы па латвійскіх рэестрах, валодае двума іншымі актывамі сям'і ў краіне — кампаніяй па вытворчасці біяпаліва Mamas D і броварам Latgales Alus D. У саўладальніцах — яго маці Іна. Сам жа Аляксей Алексін даўно выйшаў з афіцыйнага спіса бенефіцыяраў кампаній, гэта значыць дэ-юрэ замежнага бізнесу не мае. Пры гэтым латвійскія актывы яго сына паказвалі апошнія гады нядрэнныя фінансавыя вынікі.
Сыны Алексіных — людзі непублічныя. Пра Віталя не вядома амаль нічога, пра Дзмітрыя — вельмі мала. Але ёсць забаўны момант: аднойчы ён праспансаваў здымку кліпа гурта "Тяни-Толкай" і выканаў у ім галоўную ролю. У маладосці Дзмітрый быў сапраўдным свецкім ільвом, але па меры сур'ёзнага паглыблення ў бізнес бацькі адышоў у цень.
Іна Алексіна, грамадзянка РФ, з'яўляецца не толькі саўладальніцай "Энерга-Оіл" і латвійскіх актываў, але і кампаній у Расіі. Так, на яе запісана 80% у кампаніі ААТ "Агра", якая займаецца продажам прадуктаў харчавання і арэндай памяшканняў.
Такім чынам, сёння амаль усе актывы Аляксея Алексіна выведзеныя з-пад удару, саўладальнікам ён застаецца толькі ў транспартна-лагістычнай кампаніі "Брэміна-груп".
Яшчэ адзін трук, які можа правярнуць сям'я, звязаны з напісаннем прозвішчаў: Аляксей і сыны лацінкай маюць прозвішча Aleksin, а Іна — Oleksina. А еўрабюракраты — яны такія: калі санкцыі будуць уведзеныя супраць чалавека з канкрэтным прозвішчам, то толькі супраць яго. Розніцу перакладу на лацінку беларускай і рускай версіі прозвішча ім не растлумачыш.
Не толькі Алексіны
Падобным "фінтом" для выратавання ад санкцый беларускія бізнесмены карыстаюцца не першы раз.
Так, у канцы 2020-га Мікалай Варабей, які трапіў у санкцыйны спіс, перапісаў свае актывы на топ-менеджараў. Фармальна да кампаніі "Інтэрсэрвіс" і Абсалютбанка ён цяпер дачынення ніякага не мае. Як і Алексін, Варабей пакінуў сабе долю ў "Брэміна-груп".
Ёсць "козыр у рукаве" і ў Аляксандра Шакуціна. Ягоны сын, Аляксандр Шакуцін-малодшы, паводле звестак Еўрарадыё, з'яўляецца саўладальнікам кампаніі бацькі "Спамаш", а таксама ўваходзіць у топ-менеджмент "Амкадора". Павялічыць яго долю да 100% Шакуціну-старэйшаму тэарэтычна не перашкаджае нішто.
Яшчэ адным кандыдатам на траплянне ў санкцыйны спіс называюць Аляксандра Машэнскага. Але, паводле нашай інфармацыі, свае долі ў кампаніях ён ні на кога дагэтуль не перапісаў. Але ў ліку замежных актываў на ім афіцыйна толькі расійскія дыстрыб'ютары кампаніі "Санта-Брэмар", а ім заходнія санкцыі наўрад ці могуць сур'ёзна нашкодзіць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.