Мінск у арэнду: як Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі зарабляе на нерухомасці
Кіраўніцтва справамі валодае сотнямі будынкаў, а кіруе КСП даўні сябар Лукашэнкі — Віктар Шэйман.
"Мы з'яўляемся самым буйным аператарам на рынку нежылой нерухомасці ў Рэспубліцы Беларусь", — паведамляецца на сайце Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (ГГУ КСП). І гэта не той выпадак, калі беларускія ўлады прыпісваюць сабе дасягненні. Прыкметная частка офіснай нерухомасці ва ўсіх раёнах Мінска належыць менавіта ГГУ.
Зрэшты, ГГУ аперуе нерухомасцю не толькі ў сталіцы, а па ўсёй краіне. Але менавіта мінскія будынкі ўяўляюць найбольшую цікавасць, бо ў сталіцы сканцэнтравана вялікая частка беларускага бізнесу — і, такім чынам, грошай.
Дзясяткі аб'ектаў
Паглядзіце на карту — на ёй адзначаны будынкі, якім валодае ГГУ і ў якіх ёсць свабодныя плошчы для арэнды. Яны ёсць у кожным раёне Мінска, а самі памяшканні можна падабраць на любы густ.
На самой справе нават у Мінску ў ГГУ будынкаў больш: мы адзначылі тыя, якія зараз даступныя для арэнды. Ёсць і іншыя, занятыя будынкі.
Кошт арэнды — цалкам дэмакратычны: напрыклад, квадратны метр у будынку на вуліцы Карла Маркса каштуе каля 24 рублёў у месяц. Блок з некалькіх кабінетаў агульнай плошчай 52 метры каштуе каля 1250 рублёў.
Для параўнання: за такі ж офіс у рэнаваным будынку на Веры Харужай (там жа, дзе размяшчаўся штаб Віктара Бабарыкі) давядзецца выкласці ў два разы больш. Зрэшты, рамонт там лепей, чым у большасці будынкаў, якія здаюцца ГГУ. Ёсць і яшчэ адзін нюанс, пра яго — далей.
У многіх будынках ГГУ КСП кватаруюцца дзяржаўныя структуры або арганізацыі. Напрыклад, на Маркса, 15 працуе ўпраўленне Дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, а на Маркса, 16 — аддзяленне "Беларусбанка" і Федэрацыя сучаснага пяцібор'я. Абодва будынкі, дарэчы, прадстаўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць — як і шэраг іншых будынкаў, якія належаць ГГУ.
Арандуюць плошчы ў ГГУ і многія прыватныя арганізацыі. Але гэта нядзіўна: офісных будынкаў у Мінску, не звязаных з гэтай структурай, не так і шмат. Менш, чым жадаючых.
Мільённыя абароты
Кіраўнік КСП Віктар Шэйман у пачатку студзеня адрапартаваў пра рост выручкі падшэфнай структуры да 2,6 мільярда рублёў. Па цяперашнім курсе гэта каля мільярда долараў. Праўда, аб'ём чыстага прыбытку ён не агучыў. Як і статыстыку па розных напрамках дзейнасці.
ГГУ належыць каля чатырох соцень будынкаў па ўсёй краіне. Якая іх агульная плошча і які працэнт ад яе займаюць дзяржаўныя органы, ведаюць толькі ў самым ГГУ. Але ўявіць аб'ёмы выручкі можна нават на адным прыкладзе.
Бізнес-цэнтр "XXI век" размешчаны на праспекце Незалежнасці, недалёка ад станцыі метро "Барысаўскі тракт". Будынак быў пабудаваны ў 1997-м і стаў першым у краіне бізнес-цэнтрам і адным з першых будынкаў з маштабным выкарыстаннем шкла на фасадзе.
У сярэднім "квадрат" тут каштуе каля 20 рублёў, а на сёння свабодна ўсяго крыху больш за 500 метраў. Калі і іх зоймуць — гэта плюс 10 тысяч рублёў у месяц. У цэлым жа плошча бізнэс-цэнтра складае 17,8 тысячы метраў.
Вядома, прыкметная частка — неарэндаваныя памяшканні, але нават калі будзе здавацца толькі палова, месячная выручка складае дзясяткі тысяч долараў. І гэта толькі адзін будынак.
З улікам колькасці будынкаў можна выказаць здагадку, што агульная месячная выручка ад арэнды вылічаецца лічбамі як мінімум з шасцю нулямі. Пры гэтым выдаткі мінімальныя: пераважная большасць будынкаў былі проста перададзеныя ГГУ. У рэспубліканскую ж уласнасць яны патрапілі "у спадчыну" ад БССР. А абслугоўвае будынкі іншая структура.
Але не ўсе плацяць за размяшчэнне ў будынках ГГУ: ад гэтага вызваленыя падначаленыя прэзідэнту ці ўраду арганізацыі і яшчэ некаторыя, пералічаныя ва ўказе Лукашэнкі.
...і звязаныя з гэтым паслугі
Калі вам здаецца, што арэнда ў будынках КСП танная і ад гэтага самая выгадная, то гэта не зусім так. Калісьці КСП сапраўды падверглася крытыцы Лукашэнкі за занадта нізкія цэны і відавочны дэмпінг. Але сёння сістэма выбудаваная больш хітра.
Кожны арандатар будынкаў, якія належаць структуры, павінен заключаць яшчэ адну дамову з РУП "БелЭЗ". Гэтая арганізацыя таксама ўваходзіць у Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Яна займаецца пытаннямі, звязанымі з эксплуатацыяй будынкаў: наймае дворнікаў і вахцёраў, падтрымлівае плошчы ў прыстойным стане.
Праўда, многія арандатары скардзяцца: нават зламаныя аконныя рамы рамантаваць трэба самім, у туалетах няма мыла і гарачай вады. Ды і ў цэлым многія памяшканні маюць патрэбу ў рамонце.
Сёння РУП "БелЭЗ" абслугоўвае 864 будынкі па ўсёй Беларусі. Іх агульная плошча — амаль 1,7 мільёна (!) квадратных метраў.
Паслугі "БелЭЗ" не бясплатныя: у некаторых будынках у цэнтры горада за квадратны метр аплата даходзіць да 11 рублёў у месяц. Вядома, ёсць і іншыя цэны: па некаторых будынках — нават менш за рубель. Але абароты ў цэлым атрымліваюцца немаленькімі і пры гэтым, мяркуючы па ўсім, высока маржынальнымі.
Атрымліваецца, толькі дзякуючы гэтым двум структурам Кіраўніцтва справамі мае велізарныя фінансавыя абароты. Уключэнне ў санкцыйны спіс не перашкодзіць арганізацыі атрымліваць прыбытак ад здачы будынкаў у арэнду ўнутры Беларусі. Тут паўтарэнне сітуацыі, якая склалася вакол санаторыя "Беларусь" у Друскінінкаі (ён таксама належыць КСП і пасля ўвядзення "трэцяга пакета" санкцый сутыкнуўся з блакіроўкай рахункаў), наўрад ці магчымае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.