Аляксандр Лукашэнка паляцеў у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. У бліжэйшыя дні ён наведае з візітамі ААЭ і Зімбабвэ, пішуць праўладныя крыніцы. Яны падкрэсліваюць, што паездкі адбудуцца па запрашэнні кіраўніцтва гэтых краін. Аднак пра мэты візітаў не паведамляюць. Гаворыцца толькі, што "падчас візіту ў прэзідэнта Беларусі запланаваны шэраг сустрэч і перамоў".
У Зімбабвэ ў Беларусі ёсць інтарэс у здабычы карысных выкапняў. Гэты напрамак курыруе Віктар Шэйман, даўні паплечнік Аляксандра Лукашэнкі. У сакавіку 2018 года ў Зімбабвэ ён падпісаў дамову з міністрам горназдабыўной прамысловасці Уінстанам Чытанда аб стварэнні сумеснай горназдабыўной кампаніі. Аднак, як высветлілі расследавальнікі, бенефіцыярам гэтага на першы погляд дзяржаўнага прадпрыемства з'яўляецца афшор на Сэйшэлах, якім валодаюць бізнэсовец Аляксандр Зінгман і сын Віктара Шэймана Сяргей.