Бізнес Мураўёва быў звязаны з Шэйманам і не толькі. Новае расследаванне БРЦ
Аляксандр Мураўёў
Аляксандр Мураўёў — вядомы беларускі прадпрымальнік, які ў пачатку двухтысячных быў адным з самых паспяховых бізнесменаў у краіне. Яго неафіцыйна называлі "шкляным каралём", у сімпатыях яму прызнаваўся нават Лукашэнка.
Аднак неўзабаве ад яго бізнесу не засталося ні следу, і ў 2015 годзе Мураўёў быў асуджаны на 11 гадоў турмы.
У 2022 годзе ён выйшаў на волю і нядаўна даў сваё першае інтэрв'ю пасля вызвалення, расказаўшы пра сваё бачанне тых падзей.
Беларускі расследавальніцкі цэнтр сумесна з Міжнародным кансорцыумам журналістаў-расследавальнікаў ICIJ і "Кіберпартызанамі" расказвае, з кім быў звязаны бізнес Мураўёва.
Еўрарадыё коратка пераказвае частку гэтага расследавання.
Сувязі з Шэйманам
Адной з прычын, з якой "шкляная імперыя" Мураўёва пачала разбурацца, магчыма, быў разлад у адносінах з партнёрамі. Аднак у размове з БРЦ бізнесмен настойвае, што не залежаў ад іх.
"Я — кіраўнік, такі, якім павінен быць кіраўнік групы прадпрыемства ATEC, здольны як мінімум ацэньваць сітуацыю, будаваць планы і імкнуцца іх рэалізаваць", — сцвярджае бізнесмен.
Тым не менш расследавальнікам удалося знайсці людзей, якія маглі стаяць за Мураўёвым. Паводле звестак БРЦ, інвестыцыі ў прадпрыемствы Мураўёва ішлі ў Беларусь праз аўстрыйскую кампанію ATEC Holding. У яе ў розны час было некалькі акцыянераў: аўстрыйская ATEC Handelsgesellschaft mbH, брытанская J&W Sanderson, а таксама некалькі кіпрскіх кампаній.
Кампанію ATEC Handelsgesellschaft mbH ў 2001 годзе заснаваў грамадзянін Аўстрыі Зігфрыд Кемедынгер.
Практычна адразу пасля адкрыцця Кемедынгер перадае кампанію Аляксандру Мураўёву, які зрабіўся аднаасобным уладальнікам, але пазней дзеліцца долямі з партнёрамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.