BELPOL расказаў "гісторыю самага вялікага крадзяжу Лукашэнкі"

Расследавальнікі раскрылі схему лукашэнкаўцаў

Расследавальнікі раскрылі схему лукашэнкаўцаў / t.me/belpol/

BELPOL расказаў "гісторыю самага вялікага крадзяжу Лукашэнкі". Арганізацыя былых беларускіх сілавікоў пры садзейнічанні "Белсат" "раскрыла схему крадзяжу дзяржаўнай уласнасці". Маецца на ўвазе ўчастак зямлі ў элітным курортным пасёлку Красная Паляна ў Сочы, які з 2013 года належаў Рэспубліцы Беларусь і быў у аператыўным кіраванні дзяржустановы "Санаторый Беларусь" (ён уваходзіць у структуру прадпрыемстваў Кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі). У лютым 2022-га дзесяць гектараў зямлі, рынкавы кошт якіх можа дасягаць $100 мільёнаў, з уласнасці РБ перайшлі ў валоданне кампаніі "Комплекс-Інвест", зарэгістраванай у 2021-м у Маскве. Прадалі па заніжаным у дзясяткі разоў кошце. Усё гэта адбывалася на падставе распараджэнняў Лукашэнкі з грыфам "Для службовага карыстання".

Ужо праз некалькі месяцаў "Комплекс-Інвест" стаў беларускай кампаніяй, уласнасцю ТАА "Рэгіянальны парадак" (зарэгістраванае на супрацоўніка ваенізаванай аховы спецыяльнага аддзела аховы фізічных асобаў ТАА "ГардСэрвіс") і фірмы Vector Energy Innovation FZCO, зарэгістраванай ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Аўтары расследавання высветлілі, што ўсе яны звязаныя з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Высветлілася, што "Комплекс-Інвест" збіраецца будаваць у Сочы жылы комплекс на тры элітныя катэджы плошчай больш за 300 квадратных метраў кожны, гатэль, рэстаранны комплекс. BELPOL сцвярджае, што будаўніцтва кантралюе асабіста Віктар Шэйман, блізкі паплечнік Лукашэнкі.

Таксама збіраюцца прадаць "Комплекс-Інвесту" па цане ніжэйшай за рынкавую паркавы комплекс "Фруктовы сад" плошчай больш за 8500 гектараў (у 850 разоў большы за ўчастак, пра які ішла гаворка вышэй). Там плануецца пабудаваць дзесяць шматпавярховых будынкаў з адна- і двухпакаёвымі апартаментамі. Прыбытак можа скласці 526 мільёнаў долараў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі