Наколькі небяспечны для свету запуск паўночнакарэйскай балістычнай ракеты
У ноч на нядзелю Паўночная Карэя запусціла ракету. Улады краіны заявілі, што яна была са штучным спадарожнікам, які паспяхова выйшаў на арбіту. А ЗША, Японія, Паўднёвая Карэя і нават Кітай перакананыя, што запуск спадарожніка з’яўляецца прыкрыццём для спробаў рэжыму Кім Чэн Ына стварыць міжкантынентальную зброю, здольную дасягнуць заходняга ўзбярэжжа ЗША.
Прадстаўнік генеральнага сакратара ААН выступіў з асуджэннем дзеянняў Пхеньяна. Кітайскі МЗС правёў размову з паслом КНДР. Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры ахарактарызаваў дзеянні Пхеньяна як “вялікую правакацыю, што пагражае бяспецы не толькі Карэйскага паўвострава, але і рэгіёна, а таксама Злучаным Штатам”.
Прэм’ер-міністр Японіі Сіндза Абэ назваў дзеянні Пхеньяна непрымальнымі і заявіў, што яны з’яўляюцца прамым парушэннем рэзалюцый Савета Бяспекі ААН, якія забараняюць КНДР праводзіць ядзерныя і ракетныя выпрабаванні. У Маскве таксама асудзілі запуск паўночнакарэйскай ракеты.
На думку палітолага Яўгена Прэйгермана, хоць запуск гэтай ракеты і выклікаў вялікі рэзананс, наўрад ці ён зменіць геапалітычную карціну свету.
“Наўрад ці можна казаць, што ўзнікне якая-небудзь “антыпаўночнакарэйская кааліцыя”, якая, як у часы Другой сусветнай або як цяпер, падчас супрацьстаяння з Ісламскай дзяржавай, зможа змяніць геапалітычны расклад. Зразумела, гэта заўсёды вельмі сур’ёзна, калі краіна дэкларуе, што мае ядзерную зброю, і цяпер стала вядома, што ёсць сродкі дастаўкі гэтай зброі на далёкія адлегласці”, — адзначае Прэйгерман.
Карэязнаўца Інстытута Далёкага Усходу расійскай Акадэміі навук Канстанцін Асмолаў кажа, што сённяшняя сітуацыя вакол КНДР нагадвае падзеі трохгадовай даўніны, калі Пхеньян правёў пуск ракеты-носьбіта, а праз пэўны час прайшло трэцяе ядзернае выпрабаванне.
На думку эксперта, “узровень агрэсіі, якая ідзе з Паўночнай Карэі, абсалютна не павялічыўся”. Бо гэта было тэставаннем ракеты-носьбіта, а не ракеты ваеннага прызначэння. Ніводнага выпрабавання паўнавартаснай міжкантынентальнай ваеннай ракеты КНДР так і не правяла.
“Што да гіпатэтычнай імавернасці, што Паўночная Карэя пачне агрэсіўныя ваенныя дзеянні і выкарыстае сваю ракетна-ядзерную праграму не ў якасці сілаў стрымлівання, то гэта адносіцца нават не да фантастыкі, а да фэнтэзі. Бо ваенны бюджэт толькі Паўднёвай Карэі пераўзыходзіць паўночнакарэйскі ў 25 разоў”, — тлумачыць эксперт.
Акрамя гэтага, паводле дамовы пра ўзаемную абарону, ЗША абавязаныя абараняць Паўднёвую Карэю ўсімі сіламі сваёй зброі. Калі КНДР “возьмецца за ядзерную зброю”, гэта не вырашыць ніводнай стратэгічнай задачы, а наадварот, канчаткова раззлуе міжнародную супольнасць. Наўрад ці Кім Чэн Ын пойдзе на такое самазабойства.