Наталля Эйсмант: мы прызнаём, што сёлета вясной рэйтынг кіраўніка дзяржавы ўпаў
Увесну 2020 года рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі знізіўся. Пра гэта заявіла яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант падчас прыезду ў Вілейку і сустрэчы з мясцовымі чыноўнікамі.
"Мы прызнаем, што сёлета вясной рэйтынг кіраўніка дзяржавы ўпаў. Вядома, у першую чаргу гэта было звязана з каранавірусам і непапулярнымі на той момант мерамі. Сітуацыя выраўноўваецца ва ўсім свеце, але тады мы ўсе хваляваліся. Калі вы думаеце, што ўсё тады рашэнні прымаліся неяк лёгка, то вы глыбока памыляецеся", — цытуе kraj.by словы Эйсмант.
Як распавядала Еўрарадыё, узровень даверу да Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску ўвесну 2020-га склаў толькі 24%. Такі вынік паказала сацыялагічнае апытанне, парведзенае Інстытутам сацыялогіі Акадэміі навук у сакавіку-красавіку.
Эйсмант заявіла, што ў Беларусі адказнасць за ўсё нясе толькі кіраўнік дзяржавы: "У нашай краіне так выбудаваная сістэма ўлады, што фактычна за ўсё нясе адказнасць адзін чалавек, і хто гэта, мы разумеем".
Гаворачы пра выбарчую кампанію, прэс-сакратар Лукашэнкі назвала інтэрнэт "сапраўднай пляцоўкай па разгойдванні сітуацыі".
"Пачынаецца самае сапраўднае цкаванне людзей у інтэрнэце. Простых людзей, якія мелі смеласць напісаць на сваёй старонцы, што ім падабаецца жыць у нашай краіне. І ідзе цкаванне патокамі і шкваламі. У нашай краіне такога не было ніколі. І гэтыя людзі сядзяць за межамі краіны па ўсім перыметры. Можна прасачыць геаграфію, адкуль яны. На жаль, ёсць і нашы. Гэта яшчэ падлеткі, якія трапілі ў гэтую інфармацыйную вакханалію. Там разгойдваюць, раскручваюць, а моладзь проста вядзецца", — заявіла чыноўніца.
Як прыклад гэтай замежнай атакі яна згадала тэлерэпартаж расійскага "Першага" тэлеканала наконт каранавіруса ў Стоўбцах. "Ён узяў мікрафон аднаго з вядучых тэлеканалаў і паехаў у Стоўбцы на могілкі. Прайшоў сярод свежых магіл, выказаўся на камеру, паздымаў. А на іх напісаныя дыягназы? Потым адышоў на бяспечную адлегласць ад бальніцы, зняў, як перавозяць чалавека. Вядома, ніхто не адмаўляе, што там была вострая сітуацыя. Але калі кіраўнік бальніцы, перахварэлая сама, пайшла на сустрэчу да гэтай здымачнай групы, яна проста бегла з тэрыторыі бальніцы. Ад чалавека, які хацеў распавесці сваю кропку гледжання, што не вымірае Беларусь. А яны проста ўцяклі рэальна па кустах".
Як вядома, пасля гэтага сюжэта журналіста расійскага тэлеканала Аляксея Кручыніна пазбавілі акрэдытацыі і выслалі з Беларусі. Па словах Эйсмант, рашэнне было прынятае асабіста Лукашэнкам.
"Мы глядзім, дакладваем прэзідэнту. Ён да трох у такіх выпадках не лічыць. Адразу былі прынятыя самыя жорсткія рашэнні — на працягу сутак гэты журналіст павінен пакінуць нашу краіну. А далей — самы паказальны момант. Увечары ён пачаў абрываць тэлефоны ўсім. Мне, МЗС. Потым мне кажуць, што журналіст прасіў пакінуць у Беларусі жонку і дзяцей: яна тут працуе, дзіця ў школу ходзіць. Соль у чым? Раніцай ён распавядаў на ўсю Расію, што Беларусь вымірае, а ўвечары просіць тут сваю сям'ю пакінуць. Гэта і ёсць сутнасць інфармацыйнай працы сёння, калі ў інтэрнэце ты смелы, а потым — у кусты", — заявіла Эйсмант.
Згадала прэс-сакратар Лукашэнкі і пра любоў да Беларусі: "Калі чалавек кажа, што Беларусь — маленькая краіна, няважная і непатрэбная, то ён не любіць сваю краіну. А калі кажа хтосьці звонку — значыць, мае нейкі план". Па яе словах, Беларусь — гэта нармальная сярэдняя краіна ў цэнтры Еўропы.
Праўда, застаецца няясным, чаму Аляксандр Лукашэнка, на якога працуе Эйсмант, пастаянна называе нашую краіну "квалачкам" ("клочком").
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.