Незадоўга да смерці Нямцоў напісаў запіску пра расійскіх дэсантнікаў
Памочніца расійскага апазіцыйнага палітыка паказала яе карэспандэнту агенцтва Reuters.
Расійскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў, расстраляны ў ноч на 28 лютага ў цэнтры Масквы, незадоўга да смерці напісаў запіску пра расійскіх дэсантнікаў, якія былі на Данбасе і прымалі ўдзел у баявых дзеяннях супраць украінскіх войскаў. Пра гэта паведаміла памочніца Нямцова Вольга Шорына. Як інфармуе агенцтва Reuters, яна паказала запіску палітыка, напісаную за дзень да гібелі.
Сама запіска не публікуецца, аднак цытуецца яе тэкст: "Некалькі дэсантнікаў з Іванава звязаліся са мной. сямнаццаць дэсантнікаў былі забітыя, яны не атрымалі свае грошы, але цяпер яны баяцца гаварыць". Як стала вядома, Барыс Нямцоў атрымаў інфармацыю пра вайскоўцаў з 98-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі.
Як адзначае Reuters, Нямцоў напісаў запіску сваёй памочніцы, паколькі баяўся праслухоўвання ў яго офісе (адзначаецца, што сапраўднасць запіскі пакуль не пацверджаная). Як вядома, ён рыхтаваў даклад пра прысутнасць расійскіх войскаў на Данбасе, але не паспеў завяршыць працу над ім. Пасля забойства Барыса Нямцова праваахоўнікі правялі ператрус у яго кватэры.
Забойства 55-гадовага Барыса Нямцова дагэтуль не раскрытае.
Фота: Reuters