За Нямцовым сачылі тыя ж супрацоўнікі ФСБ, што і за Навальным
Чалавек, звязаны з ФСБ, сачыў за перамяшчэннямі Барыса Нямцова па РФ на працягу года да забойства расійскага апазіцыянера. Пра гэта — у новым расследаванні Bellingcat, The Insider і "Бі-Бі-Сі". З яго вынікае, што чалавек з пашпартам на імя Валерыя Сухарава сачыў за Нямцовым у, як мінімум, 13 паездках па Расіі. Апошні раз гэта адбылося за 10 дзён да забойства.
Гэты ж чалавек згадваецца ў ранейшых расследаваннях, прысвечаных атручванню Аляксея Навальнага, Уладзіміра Кара-Мурзы і Дзмітрыя Быкава. Расследвальнікі мяркуюць, што Сухараў — супрацоўнік ФСБ. Яны высветлілі, што ў, як мінімум, адной паездцы Барыса Нямцова па РФ да Сухарава далучыўся Аляксей Крывашчокаў, іншы меркаваны супрацоўнік ФСБ. Ён вядомы па ранейшых расследаваннях.
Удалося высветліць, што меркаваныя супрацоўнікі спецслужбы нярэдка прыязджалі на месца, дзе мусіў з'явіцца Нямцоў, крыху раней за яго. А гэта сведчыць, што яго планы ім маглі быць вядомыя. У адным выпадку Сухараў купіў квіток на самалёт праз 10 хвілін пасля Барыса Нямцова.
Нямцоў быў застрэлены ў Маскве 27 лютага 2015 года. Яго паплечнік Кара-Мурза быў двойчы атручаны — у 2015 і 2017 гадах, паэт і журналіст Быкаў — у 2019-м, апазіцыянер Навальны — у 2020 годзе. Усе яны выжылі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.