Нобелеўскі камітэт адмовіўся ад уручэння прэміі па літаратуры 2018 года

Нобелеўскі камітэт адмовіўся ад уручэння прэміі па літаратуры 2018 года

Нобелеўскі камітэт адмовіўся ад уручэння прэміі па літаратуры 2018 года, інфармуе meduza.io. Такое рашэнне было прынятае на фоне крызісу ў Шведскай акадэміі, які ўзнік пасля выкрыцця фактаў сэксуальных дамаганняў і ўцечкі інфармацыі. Восенню мінулага года 18 жанчын абвінавацілі вельмі вядомага ў Стакгольме прадстаўніка культуры ў шматгадовых дамаганнях і прыставаннях інтымнага характару. Паколькі яго дзейнасць перасякалася з Шведскай акадэміяй, якая выдае шэраг стыпендый і грантаў, то было прызначана ўнутранае расследаванне, якое правяла адвакацкая фірма.

Як інфармуе ria.ru, згаданы дзеяч жанаты на адной з членаў акадэміі, ён адрынуў усе абвінавачанні. Шведскія СМІ называюць імя дырэктара стакгольмскага літаратурнага клуба "Форум", фатографа і тэатральнага рэжысёра 71-гадовага Жана-Клода Арно. Яго жонка — Катарына Фростэнсан, член Шведскай акадэміі. Пра тое, што яна вырашыла ўзяць тайм-аўт у працы акадэміі, стала вядома ў сярэдзіне красавіка. Арно, нібыта, сістэматычна раскрываў пабочным асобам імёны будучых лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры, расказваў, хто стане новым чальцом Шведскай акадэміі.

У складзе Шведскай акадэміі 18 чальцоў, якія выбіраюцца пажыццёва. З-за крызісу кароль Карл XVI Густаў прыняў рашэнне аб змене статута — у будучым, калі нейкі акадэмік не будзе прымаць удзелу у працы на працягу двух гадоў, ён можа лічыцца, як пакінулы акадэмію.

У красавіку ў адстаўку падала пастаянны сакратар Шведскай акадэміі Сара Даніус. Пра афіцыйны сыход заявілі ўжо чацвёра пісьменнікаў: Сара Стрыдсберг, Лота Лотас, Чэрстын Экман, Клас Эстэргрэн.

Уручэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры будзе адноўлена ў 2019 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі