Нобелеўскую прэмію міру прысудзілі прэзідэнту Калумбіі
Нобелеўскую прэмію міра прысудзілі прэзідэнту Калумбіі Хуану Мануэлю Сантасу. Яго дасягненнем стала падпісанне мірнай дамовы, дзякуючы якой у краіне завяршылася 50-гадовая грамадзянская вайна, паведамляюць замежныя СМІ.
Сантас і лідар паўстанскай групоўкі ФАРК Тымалеён Хіменэс падпісалі мірную дамову сёлета ў верасні. Пагадненне прадугледжвае амністыю для ўсіх паўстанцаў, апроч тых, хто мае дачыненне да асабліва цяжкіх ваенных злачынстваў, а таксама інтэграцыю былых баевікоў у грамадства.
Канфлікт паміж урадам Калумбіі і паўстанцамі стаў самым працяглым у гісторыі Заходняга паўшар’я: супрацьстаянне доўжылася 52 гады. Бакі прыйшлі да пагаднення ў жніўні пасля чатырох год перамоваў. Адразу пасля гэтага лідар ФАРК Хіменес загадаў сваім байцам скласці зброю і датрымлівацца рэжыму спынення агню.
На Нобелеўскую прэмію міра прэтэндавалі 376 кандыдатаў. Раней сярод фаварытаў называлі валанцёрскую арганізацыю выратавальнікаў “Белыя шлемы” ў Сірыі і старшыню расійскага камітэта “Грамадзянскае садзеянне” Святлану Ганнушкіну.
Цырымонія ўзнагароджання нобелеўскіх лаўрэатаў пройдзе ў Стакгольме 10 снежня. Лаўрэаты гэтага года атрымаюць па 8 мільёнаў шведскіх крон (каля 931 тысячы долараў).