"Нумары ва ўсіх залепленыя": што адбываецца на ўкраінска-расійскай мяжы
Растоўская вобласць, 2014 год / Ганна Арцем'ева / "Новая газета"
8 красавіка ў СМІ з'явіліся спадарожнікавыя здымкі расійскага ваеннага лагера, які, як мяркуецца, разбілі пад Варонежам — прыкладна за 250 км ад мяжы з Украінай. А беларускіх мужчын па-ранейшаму не пускаюць ва Украіну без віду на жыхарства — неафіцыйна ўкраінскія памежнікі тлумачаць гэта чуткамі пра перамяшчэнне расійскіх войскаў уздоўж мяжы з Украінай. Сацыяльныя сеткі і месендажры запоўненыя ананімнымі відэа з кадрамі вайсковай тэхнікі на маршы, піша "Новая газета". Вось дальнабойнік з кабіны свайго цягача здымае чыгуначны састаў, які рухаецца з танкамі на платформах. Закадравы каментар:
— І гэта другі састаў за два дні ідзе на Крым. Чагось намячаецца, па ходзе справы? Ці што? Можа, хто ведае, растлумачыць?
Відэа размешчана ў адным з краснадарскіх тэлеграм-каналаў.
У твітары карыстальнік пад нікам @GirkinGirkin паказвае кадры, знятыя 2 красавіка на трасе М-4 "Дон" у раёне горада Аксай (на відэа мільгае дарожны паказальнік). Вайсковыя КамАЗы з тэнтамі цягнуць артылерыйскія ўстаноўкі. Аўтар відэа заўважае:
— Нумары ва ўсіх залепленыя. Куды едуць?
Міжнародная экспертная група Conflict Intelligence Team (CIT) знайшла ў інтэрнэце больш за два дзясяткі відэапаведамленняў пра перамяшчэнні расійскай арміі ў бок украінскай мяжы.
"Большасць відэа адносяцца да Крыма і Растоўскай вобласці. На іх відаць танкі, баявыя машыны пяхоты, гаўбіцы і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі, а таксама грузавікі для перавозкі асабовага складу, — паведамляюць добраахвотнікі СІТ. — Варта адзначыць, што як мінімум на двух розных відэа бартавыя нумары некаторых (але не ўсіх) машын зафарбаваныя белай фарбай — абодва сюжэты, магчыма, знятыя ў Крыме яшчэ ў лютым".
У канцы сакавіка пра канцэнтрацыю расійскіх войскаў ля межаў паведаміў галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Украіны Руслан Хамчак. Выступаючы ў Вярхоўнай Радзе, ён заявіў, што Расія сцягвае вайсковыя часці ў Растоўскую, Бранскую і Варонежскую вобласці, а таксама ў Крым.
— Чакаецца дадатковае сканцэнтраванне да 25 тактычных груп, што разам з ужо наяўнымі на мяжы стварае пагрозу ваеннай бяспецы дзяржавы, — адзначыў Хомчак.
Разам, паводле звестак украінскага генерала, да расійска-ўкраінскай мяжы сцягнутыя 28 батальённых тактычных груп, 14 брыгад, палкоў і падраздзяленняў колькасцю да 28 тысяч чалавек разгорнутыя ў Данецкай і Луганскай абласцях. Галоўнакамандуючы ўкраінскай арміяй заявіў пра прысутнасць дзвюх тысяч дарадцаў і інструктараў на тэрыторыі Данбаса і нагадаў пра дванаццаць дадатковых батальённых тактычных груп, якія размешчаны ў Растоўскай вобласці і ў любы момант могуць быць задзейнічаны ў ваеннай аперацыі.
На перамяшчэнне расійскіх войскаў да ўкраінскай мяжы звярнулі ўвагу і ў Вашынгтоне.
— Мы абмяркоўваем з хаўруснікамі па НАТА нашы асцярогі з нагоды гэтага росту напружанасці і парушэнняў рэжыму спынення агню, — заявіў 1 красавіка прадстаўнік Пентагона Джон Кірбі.
Крэмль адказаў амерыканцам, што робіць "неабходныя захады для гарантавання бяспекі сваіх межаў".
— Расійская Федэрацыя перамяшчае ўзброеныя сілы ў межах сваёй тэрыторыі па сваім меркаванні. Гэта не павінна нікога турбаваць, гэта ні для кога не становіць ніякай пагрозы, — заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
Адрэагавала і ваеннае ведамства. "У войсках ПВА [Паўднёвай ваеннай акругі. — Рэд.] па раней зацверджаным плане падрыхтоўкі праводзіцца кантрольная праверка за зімовы перыяд навучання. Мерапрыемствы праходзяць на 30 агульнавайсковых палігонах, у тым ліку ў Валгаградскай і Растоўскай абласцях, а таксама ў Крыме", — заявілі ў прэс-службе ПВА.
Следам быў выпушчаны прэс-рэліз, у якім гаворыцца пра сотню адзінак вайсковай і спецыяльнай тэхнікі, якая толькі ў сакавіку паступіла ў войскі акругі. У тым ліку пра рэактыўныя сістэмы залпавага агню — яны "папоўнілі артылерыйскія падраздзяленні мотастралковага злучэння ў Растоўскай вобласці".
Вось як гэту падзею асвятляе інфармацыйны партал рэгіянальнага ўрада: "РСЗА "Тарнада-Г" — гэта мадэрнізаваная сістэма залпавага агню, здольная паражаць цэлі на адлегласці да 40 км (па некаторых звестках, нават да 100 км). Дакладнасць трапляння вельмі высокая, сцвярджаюць спецыялісты. Па іх словах, рэактыўныя снарады "Тарнада-Г" могуць наводзіцца на варожыя пазіцыі з космасу з дапамогай ваенных спадарожнікаў. У паведамленні не пазначаная дакладная дыслакацыя гэтай сістэмы ўзбраення".
Маштабы таго, што адбываецца, выдаюць дэталі.
29 сакавіка "КоммерсантЪ" апублікаваў артыкул з нейтральным загалоўкам "У Расіі зрываецца трактарны завоз" — пра раптоўны дэфіцыт чыгуначных платформаў для перавозкі буйнагабарытнай сельгастэхнікі. У нататцы гаварылася, што 26 сакавіка на нарадзе ў першага намесніка кіраўніка Мінсельгаса Джамбулата Хатуова прадстаўнік Пецярбургскага трактарнага завода паскардзіўся на адмову ў выдачы чыгуначных платформаў для вывазу гатовай сельгастэхнікі. Па словах прадстаўніка завода, свае адмовы кампаніі матывуюць арт. 7 Статута чыгуначнага транспарту, кажучы, што "платформы на сённяшні дзень задзейнічаны для перавозкі вайсковых і спецыяльных грузаў".
У Мінсельгасе пацвердзілі, што з падобнай скаргай у ведамства звярнуўся іншы буйны вытворца сельгастэхнікі — "Растсельмаш".
Усяго, па звестках "Ъ", гаворка можа ісці пра 16 тысяч платформаў, на кожнай з якіх звычайна змяшчаюцца два трактары.
Тым часам паведамленняў пра перамяшчэнне войскаў стала з'яўляцца так шмат, што нават расійскія журналісты звярнулі на гэта ўвагу і 5 красавіка зноў спыталі Дзмітрыя Пяскова пра вайсковую тэхніку з закрытымі нумарамі, якая "блукае" пераважна па дарогах Растоўскай вобласці і Краснадарскага краю.
— Ніхто не блукаў і не блукае, — яшчэ раз быў вымушаны гаварыць прэс-сакратар прэзідэнта. — Расійская армія перасоўваецца на расійскай тэрыторыі ў тых напрамках, у якіх лічыць патрэбным.
Жыхары станцыі Марскі Чулек, што паміж Растовам-на-Доне і Таганрогам, ўпэўненыя, што гаворка ідзе пра вайсковыя вучэнні.
— Усё, што трэба было перакінуць "туды", — прадаўшчыца адной з крамак на чыгуначнай станцыі махае рукой у бок Таганрога, — усё завезлі яшчэ летась. Усю мінулую восень начамі ішлі такія цяжкія саставы, што ў дамах посуд у шафах звінеў. Ужо на што мы да цягнікоў звыклыя, але такога не было. А перад праходжаннем саставаў уздоўж чыгункі выключалі святло. Але мы ж ад чыгуначнікаў запітаныя, таму ведаем: раз электрычнасць выключылі, значыць, зараз "пойдуць". Відаць было, што тэхніка цяжкая нейкая, але ў цемры хіба разгледзіш.
Да пачатку канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны агульная працягласць расійска-ўкраінскай мяжы ў Растоўскай вобласці, уключаючы марскі ўчастак, складала 660 км. Цяпер не менш за дзве траціны гэтага ўчастка непадкантрольныя Кіеву.
За амаль сем гадоў канфлікту ў гарадах, прылеглых да мяжы — у Данецку, Каменску-Шахцінскім, Звераве, Гукаве, — усе даўно прывыклі да паведамленняў пра рух расійскай вайсковай тэхнікі.
"Ну ездзяць і ездзяць — а чаму б ім не ездзіць".
У Гукаве адзіная вайсковая машына стаіць каля мемарыяла героям Вялікай Айчыннай. БМП літаральна свеціцца на фоне маркотнай архітэктуры шахцёрскага гарадка, які памірае. Рэдкія мінакі цураюцца дарог з цыклапічнымі лужынамі, удалечыні абыякава махаюць лопасцямі ветракі першай у Растоўскай вобласці ветраной электрастанцыі.
— Калі гаварыць пра наступствы суседства Гукава з ЛНР, то галоўнае — гэта знікненне бізнесу па продажы вугалю, — расказвае мясцовы прадпрымальнік Андрэй Тарасенка, з якім мы сустракаемся ў невялікай кавярні ў цэнтры горада.
Збядненне насельніцтва ён далікатна называе "зніжэннем пакупной здольнасці" і расказвае, што нядаўна паставіў на могілках новы помнік маці — стары металічны абеліск з чырвонай зоркай зрэзалі вандалы. Два гады таму яны ж пакінулі без электрычнасці некалькі дзясяткаў тысяч жыхароў Краснасулінскага раёна: усю восень зламыснікі на грузавіку з аўтагенам раз'язджалі ўздоўж ЛЭП, зразаючы "вугалкі" на вышыні да двух метраў. Першы ж снегапад з абледзяненнем правадоў заваліў апоры, якія страцілі рэбры цвёрдасці.
Галоўнае ўпрыгожанне Гукава — новенькія банеры. На ўездзе — "Прадаём антрацыт выдатнай якасці", а на выездзе на тых, хто выязджае, ласкава глядзіць дэпутат Дзярждумы — хутка выбары.
Рабочых месцаў у Гукаве амаль не засталося: швейная фабрыка ды адна шахта, на якой працуюць у асноўным вахтавікі з Луганска. У чаканні адраджэння вугальнай галіны былыя растоўскія шахцёры пастарэлі або памерлі, а нешматлікія маладыя гарнякі ездзяць працаваць у Маскву ці на Поўнач.
У 2014-м Гукава праславілася на ўвесь свет: невядомы карыстальнік размясціў у ютубе відэа работы ўстаноўкі "Град". Пазней спецыялісты, супаставіўшы звесткі мясцовасці і фатаграфіі варонак у ваколіцах украінскага Свярдлоўска, вызначылі месца, адкуль, на іх думку, з расійскай тэрыторыі ў сумежную дзяржаву ішлі рэактыўныя снарады. Карыстальнік відэа выдаліў, але яно паспела разысціся і да гэтага часу гуляе па сеціве. Гукаўчане не любяць гэта абмяркоўваць.
Але лета 2014 года яны памятаюць добра, тады прылеглым пасёлкам "прыляцела" ў простым сэнсе: адзін снарад пашкодзіў будынак на шматбаковым аўтамабільным памежным пераходзе (ШАПП), два іншыя ўпалі на прыватныя падворкі. Абышлося, на шчасце, без ахвяр.
Горад, як і астатнія памежныя пункты, перажыў наплыў бежанцаў; у мясцовай бальніцы хуткай дапамогі фельчары ўспамінаюць, як лячылі не толькі параненых "апалчэнцаў" і "добраахвотнікаў", але і ўкраінскіх салдат. Супрацоўнікі бальніцы да гэтага часу ваююць з начальствам за недаатрыманыя "баявыя" — выплаты, якія, па іх словах, атрымлівалі растоўскія медыкі, якія дапамагалі пацярпелым падчас боесутыкненняў пад Луганскам і Данецкам.
— Мы вывозілі пад бамбаваннямі з тэрыторыі Украіны параненых разам з фельчарамі. І не атрымалі баявых. Не толькі мы, але і лекары, якія зашывалі іх, — расказвае кіроўца гукаўскай хуткай дапамогі Аляксандр, які да гэтага часу лічыць, што мясцовыя чыноўнікі прысвоілі гэтыя грошы. — Нам абяцалі. Грошы былі пераведзеныя на горад. Справу замялі.
Ніякіх прыкмет магчымага ваеннага супрацьстаяння гукаўчане, якія жывуць за пяць кіламетраў ад мяжы, не бачаць.
Па вуліцах, у адрозненне ад 2014 года, не ходзяць калоны вайсковай тэхнікі; уезд у памежны горад не абмежаваны.
— Ці баюся я абвастрэння на мяжы? Хутчэй, не. За ўсіх сказаць не магу, але, увогуле кажучы, усё залежыць ад чалавека — што ў яго ў галаве, — разважае Андрэй. — Калі ўвесь час слухаць, што гавораць па федэральных каналах, то, ведаеце…
У двух санаторыях Няклінаўскага раёна "Новой газете" неафіцыйна пацвердзілі інфармацыю пра тое, што ў памежных раёнах Растоўскай вобласці МНС нібыта збірае звесткі пра рэзервовыя магчымасці сацыяльнай інфраструктуры.
Грамадскі актывіст з Таганрога Аляксандр Панамароў не здзіўлены.
— Гэта звычайная працэдура для такой сітуацыі, фармаванне рэестра рэсурсаў і рэзерваў, — тлумачыць ён і кажа, што не бачыць прыкмет падрыхтоўкі да ваеннага сутыкнення на мяжы. — Скажам так: я не бачу іх [прыкмет] у Таганрогу. Але я не магу сказаць, што іх наогул няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.